8346 / 0
28.02.2017

Песьні, якія дапамаглі Барадуліну адбыцца

Дзесяць выканаўцаў і гуртоў запісалі свае інтэрпрэтацыі народных песень з малой радзімы Рыгора Барадуліна для праекту Сяргея Доўгушава «Песьні матчыны з Вушаччыны».

Ідэя новага музычнага праекту «Песьні матчыны з Вушаччыны» — у пераасэнсаваньні і аднаўленьні вушацкіх песень, якія Рыгору Барадуліну ў дзяцінстве сьпявала яго маці (зь яе голасу пачынаецца альбом). Гэтыя песьні натхнялі і суправаджалі паэта ўсё жыцьцё, а сам ён казаў, што абавязаны ўсім «крывіцкаму слову й матчынай песьні». Аўтар праекту Сяргей Доўгушаў называе гэтую складанку выдатным правадніком па роднай для паэта Вушаччыне. Тут ёсьць абрадавыя песьні, напеўкі, сьмяшынкі-казытушкі, шчымлівыя і гульлівыя, дасьціпныя і калярытныя, сьціплыя і скаромныя.

Праект «Песьні матчыны з Вушаччыны» яго стваральнікі разглядаюць, як працяг традыцыі сумеснай творчасьці беларускіх музыкаў, якой паклалі пачатак праекты «Народны альбом», «Сьвяты вечар», «Я нарадзіўся тут». Асаблівая падзяка выказваецца спонсарам (праект адбыўся на народныя грошы, сабраныя на Talaka.by), а таксама культурніцкай арганізацыі «Арт Сядзіба», Паўлу Белавусу, Дашы Бялькевіч, Алесю Сьнегу, Міхасю Скоблу, Сяргею Драніцу ды, канечне, усім гуртам і ўдзельнікам праекту.

Запісваліся песьні ў Міхаіла Шэстака, на студыі «Bach records». Зводзілі песьні Андрэй Багданаў, Павал Сініла, Зьміцер Галадко. Рэліз праекту адбыўся ў дзень нараджэньня Рыгора Барадуліна 24 лютага 2017 году.

Tuzin.fm