Прабач
2631 / 0
01.05.2017

Юлія Глебава. Прабачыць і зразумець (аўдыё)

У 11-м туры аўдыёчарту на TuzinFM сьпявачка Юлія Глебава разам з гуртом «Час Speak» прэзэнтуе сваю самую асабістую песьню ў рэпэртуары — «Прабач».

Гэты твор увайшоў у новы альбом Юліі — «Крылья». Праца адметная ў музычным пляне найперш тым, што ў аранжыроўках рок-каманды актыўна выкарыстоўваюцца цымбалы. «Ніколі не імкнулася з дапамогай цымбалаў надаць больш фолькавае гучаньне, наадварот — хацелася падкрэсьліць іншыя магчымасьці гэтага цудоўнага інструмэнта», — зазначыла сьпявачка ў камэнтары для TuzinFM па выхадзе працы. Гучаць цымбалы і ў песьні, якая бядзе браць удзел у аўдыёчарце, але ўсё ж тут прывілей аддадзены гітары.

«Песьня пісалася ў стане адчаю і стомы, калі ўсе намаганьні здаюцца дарэмнымі, — прызнаецца Юля. — У такі момант хочацца ўсё кінуць, нікуды ня бегчы, не трываць нападкі, а жыць звычайным ціхім жыцьцём, проста кахаць таго хто побач». Тым ня менш, лідэрка «Час Speak» улюбёнай справы не кідае і мяркуе даць некалькі канцэртаў у падтрымку свайго новага альбому.

Юлія Глебава і «Час Speak» — Прабач (музыка і словы Юлія Глебава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Калыхай мяне, калыхай.

Мне б у сьне забыцца каля цябе —

Трапiць зноў у страчаны рай

(Там ён сёлета iснуе),

 

Удалеч адпусьцiць смутак i адчай,

Зноў адчуць пад поступам глебу…

Выбачай мяне, выбачай.

Толькi гэта i трэба.

 

Мяне за песьнi прабач,

За тыя зьдзекi i сьмех за маёю сьпiной.

Ведаеш, мне ў адзiноце трымацца лягчэй!

Няма больш моцы трываць

Ды ведаць, што ты пакутуеш разам са мной!

Дай мне спынiцца. А можна мне проста цябе

Кахаць?..

 

Я згубiлася ўначы:

Дзе сьвятла няма — выйсьце не знайсьцi.

Адкажы, малю, не маўчы:

Колькi ж нам да яго паўзьцi?

 

Лепш бяжы адсюль! Хопiць, не ратуй.

Не шкадуй мне жалю ня трэба.

Толькi ты мне, любы, даруй

За нялётнае неба!

 

Мяне за песьнi прабач,

За тыя зьдзекi i сьмех за маёю спiной.

Ведаеш, мне ў адзiноце трымацца лягчэй!

Няма больш моцы трываць

Ды ведаць, што ты пакутуеш разам са мной!

Дай мне спынiцца. А можна мне проста цябе

Кахаць…