Цемра
406 / 0
11.05.2017

Даўншыфтынг-рок ад «Дабл»

Музыкі зь вёскі Нарач, Паставаў і Смаргоні, якія аб’ядналіся разам у гурце «Дабл», прэзэнтуюць у аўдыёчарце на TuzinFM песьню «Цемра».

Гурт «Дабл» вяртаецца ў музычную прастору празь перапынак у пяць гадоў з абноўленай канцэпцыяй. «Мы былі ўжо насьлядзілі ў сеціве альбомам „Эпоха мод“, а цяпер трохі зьмянілі свой стыль, хочам паказаць новы склад і новы гук. Мы поўныя энэргіі ды музычных ідэяў», — кажа лідэр каманды Віктар Мароз. Сам ён жыве ў вёсцы Нарач, а ягоныя калегі — у Паставах ды Смаргоні. Таму прадстаўляецца гурт так: «выпраменьванне Нарачанскай зямлі з пульсам і колерам Пастаўскага паазер’я і Смаргонскага басовага калярыту».

У аўдыёчарце на TuzinFM прэзэнтуюць песьню «Цемра» — першы трэк, запісаны ў такім складзе: Віктар «Мадэст» Мароз (гітара, вакал), Аляксей Шчасны (гiтара), Зьміцер «Мульцік» Харук (бас-гітара), Андрэй Алiхвер (бубны). Працавалі на «Альтэрстудыі» ў Маладэчне. «Мы не надаем цемры станоўчае або адмоўнае значэньне. Мы кажам, што зь цемры ўсё пачынаецца і цемраю сканчаецца. Надзвычай важная для нас песьня, якая ёсьць першай ластаўкай нашага будучага рэлізу», — кажа Віктар Мароз.

Гурт «Дабл» (раней пісалася «Да!Бл…») заявіў пра сябе ў 2008 годзе, калі перамог на полацкім фэсьце «Ноч ваўкалака». У гэтым жа годзе музыкі дэбютавалі на «Тузіне Гітоў». Налета трапілі ў складанку найлепшых песень сэзону «Прэм’ер Тузін-2009». А ў 2011 годзе далі выступ у акустычным фармаце ў межах праекту «Жывы Тузін». Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.

Дабл — Цемра (музыка гурту, словы Віктара Мароза). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM

Ветлівы сьмех — мне ратаваньне, цяжкі ў карыстаньні.

Зьлеплены сьнег — з выгляду — камень, промні матылькамі…

Ня здолеў я — сьвет праз вокны рэжа зрок мне

панадліва. Няшматслоўны знак умоўны

 

Цемра — страхаў хеўра, грукат нэрваў, край шашы.

Цемра — гэта вера, гэта чыстыя лісты.

Цемра. Вырваць з коранем сьвету Сонца прамяні.

Цемра. Тухнуць зоры. Рухнуць горы, скончаць дні.

 

Чысты, як сьвет, рух навакольны помсьціць здольны.

Ваганьні — мне ў шклянках напоі. Ні жартам болей!

Трымаць у руках пух сініцы, снам ня збыцца.

Ратую дах. Пах мэталічны, выкрык зычны…

 

Цемра — страхаў хеўра, грукат нэрваў, край шашы.

Цемра — гэта вера, гэта чыстыя лісты.

Цемра. Вырваць з коранем сьвету Сонца прамяні.

Цемра. Тухнуць зоры. Рухнуць горы, скончаць дні.