Вясна
261 / 0
16.05.2017

Нечаканая «Вясна» ад Кацярыны Ваданосавай (прэм’ера)

Гурт Fantasy Orchestra прэзэнтуе на TuzinFM самотнік «Вясна», у якім адыходзіць ад міталягічнай ды гістарычнай тэматыкі ды крыху нечакана раскрываецца з музычнага боку.

У той час, калі каляндарная вясна нарэшце стала супадаць зь вясной рэальнай, Кацярына Ваданосава і яе гурт «Fantasy Orchestra» прэзэнтуюць свой жыцьцесьцьвярджальны самотнік. «Вясна — час абнаўленьня, час зьменаў, час быць шчасьлівымі, не зважаючы ні на якія перашкоды. Час выходзіць з дамоў і сустракацца з сапраўдным жыцьцём! Час быць сапраўднымі, узьнёслымі, сьмелымі ды гераічнымі! Час квітнець, час сьпяваць, час рабіць сьвет прыгажэйшым!» — з такімі думкамі музыкі запісвалі твор.

Кацярына з калегамі адыходзяць у «Вясьне» ад характэрных для іх міталягічнай ды гістарычнай тэмы, а таксама ад залішняга музычнага патасу. Досыць неўласьціва гучыць кампазыцыя і ў музычным пляне. Хаця Каця з гэтым не да канца пагаджаецца: «Так, мы захацелі зьвярнуць увагу на сёньняшні дзень ды стварыць пазытыўны твор. Але разам з тым песьня ня надта выбіваецца з той плыні, якую гурт акрэсьлівае як „фэнтэзі-рок“ і якую лічыць найбольш блізкім для сябе музычным кірункам».

Цяпер гурт актыўна працуе над будучым альбомам, рыхтуецца да ўдзелу ў шэрагу летніх фэстываляў. Музыкі таксама ўдзельнічаюць у праекце «(Не)расстраляная паэзія». Найбліжэйшы выступ Кацярыны Ваданосавай і «Fantasy Orchestra» адбудзецца 20 траўня ў 23:00 у межах Ночы музэяў у Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы, у якім уласна працуюць сама Кацярына, а таксама цымбалістка яе гурту Хрысьціна Скрыган.

Песьня «Вясьна» возьме ўдзел у 12-м туры аўдыёчарту на TuzinFM.

Кацярына Ваданосава і Fantasy Orchestra — Вясна (музыка і словы Кацярыны Ваданосавай). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM

Аднойчы на досьвітку, ціхай парой

Па вуліцах, плошчах, садах

Яна пройдзе маршавай цьвёрдай хадой,

І горад абудзіць яна.

Яна не дазволіць нам спаць і сядзець,

Раптоўна ўвесь сьвет скалыхне,

І вуліцы зьдзіўлена будуць глядзець

На лёгкую постаць яе.

 

Бо гэта вясна, яе не стрымаць

І не падзецца нідзе

Ад сонечных промняў, ад тлуму і мар,

і сэнтымэнтальных надзей.

Бо гэта вясна, яе не спыніць,

Ёй трэба паўсюды пасьпець.

І хочацца верыць, і хочацца жыць,

І сонцу насустрач ляцець.

 

І людзям надоўга спакою няма

Без сну ад відна да відна.

А як жа іначай? Іначай ніяк,

Бо гэта, вядома, вясна.

І як і раней, у статысячны раз

Яна прайграе ізноў

І марш навальніц, і сонечны вальс,

І «Марсэльезу» дажджоў.

 

Бо гэта вясна, яе не стрымаць

І не падзецца нідзе

Ад сонечных промняў, ад тлуму і мар,

і сэнтымэнтальных надзей.

Бо гэта вясна, яе не спыніць,

Ёй трэба паўсюды пасьпець.

І хочацца верыць, і хочацца жыць,

І сонцу насустрач ляцець.