Надзвычайна
3457 / 0
29.05.2017

Надзвычайны сынгл ад Дзімы Нікановіча (прэм’ера)

Малады поп-сьпявак прэзэнтуе на TuzinFM сынгл «Надзвычайна», запісаны ў супрацы з паэтам Мікітам Найдзёнавым і аранжыроўшчыкам Раманам Волазьневым.

Сам Дзіма ў жарт называе свой сынгл дэмісэзонным, бо прэм’ера яго прыпадае на вяснова-летні пэрыяд, такая ж атрымалася кампазыцыя па настроі і па музыцы. «У маім жыцьці ўсё надзвычай цудоўна, таму і песьня выйшла такая пазытыўная. А цудоўна ўсё, бо нарадзілася ў мяне дочачка. Таму радкі зь песьні „Як цяпер засынаць начамі, калі нам трэба ўсё пасьпець“ актуальныя і надзённыя!» — кажа сьпявак з нагоды прэм’еры на TuzinFM.

Над песьняй працавала зорная каманда, за якой будучыня беларускай поп-сцэны. Аранжыроўку і прадакшн рабіў 20-гадовы Раман Волазьнеў — той самы, які скараў аўтарытэтныя дзіцячыя конкурсы ды сьпяваў з Уладзімерам Прасьняковым. Тэкст напісаў Мікіта Найдзёнаў, паэт і лідэр гурту Hurma, зь якім стала супрацоўнічае Дзьмітры. Дарэчы, Дзіма зь Мікітам працягнуць супрацу са сьпявачкай Вольгай Сацюк. Неўзабаве яны прэзэнтуюць песьню «Абяцаю», якая будзе лягічным працягам гісторыі зь перамогаю на конкурсе «Засьпявай 3.0».

Нікановіч зь сябрамі зьбіраецца таксама зладзіць свой сольны канцэрт. Сачыць за навінамі сьпевака можна праз афіцыйную старонку.

Дзіма Нікановіч — Надзвычайна (музыка і словы Мікіты Найдзёнава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm, фота Канстанціна Даля, Насты Селюты

Паралельным прамым у жыцьцi не шанцуе сустрэцца.

Нехта скажа: ня час, але ведае, проста ня лёс.

Як тады нас зьвяло i трымала сугуччамi тэрцый?

I на сэрцы ўпала нiбы падарунак нябёс.

 

Прыпеў:

Як цяпер засынаць начамi

Калi нам трэба ўcё пасьпець.

Мне з табой проста надзвычайна

Спадзяюся, i табе

Са мной.

 

Нам ляцець бы з табой у кiрунку чужых далячыняў,

вызначаць новы дзень ды

ўпарта чакаць навальнiц.

Хто магчымасьць шукаў, а звычайна знаходзiў прычыну,

Той застаўся ні з чым, але сэрца аб тым не балiць.

 

Прыпеў:

Як цяпер засынаць начамi

Калi нам трэба ўcё пасьпець.

Мне з табой проста надзвычайна

Спадзяюся, i табе

Са мной.

 

Брыдж:

Зоркi ў небе не лiчы,

А кахаеш не маўчы,

Мне патрэбна ведаць, што кахаеш.

Адрывайся ад зямлi

Каб зайздросьцiў сам Далi

Што ты ў мяне адна такая.

Зоркi ў небе не лiчы,

Папрасі дапамагчы,

Мне патрэбна ведаць, што кахаеш.

Адрывайся ад зямлi

Каб зайздросьцiў сам Далi

Што ты ў мяне адна такая.