Імчы, цягнік
2514 / 0
28.09.2017

TonqiXod&Тодар Кляшторны. Вяртаньне з забыцьця замест дэканструкцыі (прэм’ера!)

Гурт TonqiXod прэзэнтуе на TuzinFM песьню «Імчы, цягнік», напісаную паводле верша Тодара Кляшторнага для праекту «(Не)расстраляная паэзія».

«Імчы, цягнік» паўстаў з верша Тодара Кляшторнага «Растратчык». Менавіта яго выбраў для выкананьня вакаліст каманды Ўладзь Лянкевіч як адпаведны духу гурту. Музыку і філёляга з адукацыі зачапіў дзіўны мікс прыгожай лірыкі з сацыяльнымі матывамі. Далей над тэкстам працавалі ўтрох. Апусьціўшы частку твору, дзе раскрываецца прычына ўнутранага стану галоўнага героя, TonqiXod пакінулі толькі ўласна само пачуцьцё трывогі ды роспачы, і дадалі сваёй фірмовай ноткі гістэрычнасьці. Клявішніку і другому вакалісту каманды Максіму Субачу дужа спадабалася мова Кляшторнага. Ён кажа, што гэтыя тэксты можна прымяняць у зарубах на тэму мілагучнасьці і мяккасьці беларускай мовы.

ПАДТРЫМАЦЬ ПРАЕКТ НА TALAKA.BY

Уладзь Лянкевіч кажа, што беларуская культура гэта штораз перарваная традыцыя. Штораз перарваная і адноўленая. Кожнае новае пакаленьне робіць тыя самыя адкрыцьці, хаця пэўныя рэчы даўным даўно мусілі стаць хрэстаматыйнымі і зрабіцца безумоўным фундамэнтам культуры. І напісанае (не)расстралянымі паэтамі можна аднесьці да такіх рэчаў. На іх тэксты маглі зрабіць рамансы і эстрадныя шлягеры ў 40-50-ыя, якія б потым сталі ўсенародна-застольнымі ды пасьпелі б абрыднуць. У такім выпадку, заўважае Ўладзь, давялося б займацца дэканструкцыяй сталай традыцыі, але на справе трэба творы 90-гадовай даўніны вяртаць з забыцьця. Міжваенныя гады наклалі свой адбітак на лёсы і сем'яў удзельнікаў TonqiXod – забраныя землі, невылечны страх. Брата прадзеда Максіма Субача расстралялі па абвіначваньні ў шпіянажы пасьля таго, як ён перабег з Заходняй Беларусі ў БССР, паверыўшы прапагандзе.

Што да паэта Тодара Кляшторнага, то дасьледчыкі яго вылучаюць найперш за яскравы талент і творчасьць, якая не ўпісвалася ў межы савецкай літаратуры. Гэта добра ілюструе пэўна самы вядомы радок з ягонай паэзіі: «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ – пад ДПУ» (ранейшая назва КДБ – заўвага TuzinFM), – напісаў ён яшчэ да пачатку масавых рэпрэсій у паэме «Калі асядае муць». А вось у гэтым радках – праява той самай  індывідуальнасьці: «Я адзін... Мо за гэтым і горна/Але што?! Хіба сьвет у акне?!/Не журыся, таварыш Кляшторны, /Не рыдай аб далёкай вясьне./Не рыдай!../Там пад месяцам недзе, /Дзе склікаецца тайна начэй,/У гаі беларускую лэдзі/Аклікае паэт-салавей».  Падрабязьней пра жыцьцё і творчасьць Тодара Кляшторнага распавядзе Андрэй Хадановіч на адкрытай лекцыі праекту «(Не) расстраляная паэзія» 16 лістапада ў кнігарні «Логвінаў».

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТНУЮ ПРЭЗЭНТАЦЫЮ ПРАЕКТУ «(НЕ)РАССТРАЛЯНАЯ ПАЭЗІЯ»

Песьня «Імчы цягнік» возьме ўдзел у адмысловым туры аўдыёчарту на TuzinFM – першым у сэзоне 2017/2018.

TonqiXod – Імчы, цягнік (музыка гурту, словы Тодара Кляшторнага).

TuzinFM

Скрозь электрычныя агні

Цягнік на поўдзень мераў мілі...

А восень прала туманы

Ды ткала жоўтыя тканіны.

Агульнай ростані імпэт

Пераганяў начныя цені...

Праз вокны кожнага купэ

Глядзелі розныя імкненьні.

Адзін пакінуў дзесьці грым,

Другі – сямейныя клапоты,

А трэці вёз у дальні Крым

Свае няшчасныя сухоты.

Яму так дораг наш пэйзаж

І колер восеньскіх настурцый...

...Сухоты здаў бы ў багаж,

Каб да кагосьці зноў вярнуцца.

І нават сонныя агні

Яго тугою затужылі...

Аб розных дзівах на зямлі

Тут разважалі пасажыры.

Па рэйках стомлены імпэт

Пераганяў уласны стукат...

І толькі нейкае купэ

Хавала нейчы чорны смутак.

Забыўшы нават слодыч сна,

Там нехта хмуры, як магіла,

Стаяў ля чорнага акна

З тугой і дзікаю агідай.

Пад мерны лязгат,

Мерны стук,

Пад перазвоны рэек звонкіх

Яму здалося:

Пара рук

Да шыбы шкла прыстала звонку.

Ён адхіснуўся ад акна,

А потым доўга хмурыў бровы,

Што ўласных пальцаў не пазнаў

На шкле таемны адлюстровак...

Хоць ноч халодная маўчыць,

А ўсё ж дрыжаць яго калені.

– Няўжо няможна ўцячы

Ад чорных думак і сумленьня?!

Імчы цягнік, імчы хутчэй…

Імчы, цягнік, імчы хутчэй…

Імчы, цягнік, імчы хутчэй…

(1929)