Асыпае чэрвень белы сад
1575 / 0
09.10.2017

«Сіл няма такіх, каб нас перадушыць!». Ваданосава напісала музыку на верш Дудара (прэм’ера!)

Кацярына Ваданосава і яе Fantasy Orchestra запісалі для праекту парталу TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» песьню на словы Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад».

Кацярына кажа, што ўдзел у такім праекце – гонар для яе і музыкаў, бо такім чынам яна можа знаёміць людзей зь вялікім пластам культуры нашай краіны, яе гісторыяй і, вядома, паэзіяй. «Тэма рэпрэсіяў, якая замоўчвалася дзясяткі гадоў і замоўчваецца зараз, застаецца балючай і блізкай кожнаму з нас», – кажа сьпявачка. Бальшавіцкія рэпрэсіі кранулі і яе сям’ю – беспадстаўна арыштавалі яе дзеда, фэльдчара. Яго катавалі ў турме, потым саслалі на будаўніцтва  Беламорканалу, а калі ён паміраў у тыфозным бараку, яго выратаваў выпадковы калега-мэдык. Ён вярнуўся з лягераў і пайшоў ваяваць. «Пра гэта цяжка чытаць, пра гэта цяжка нават думаць, але толькі такім чынам, толькі гаворачы пра гэта ды прапускаючы гэтыя гісторыі праз сэрца, мы зможам пазьбегнуць такога жаху ў будучыні. Таму мы згадзіліся на ўдзел у праекце – каб памятаць і даць нагоду ўспомніць іншым», – тлумачыць Кацярына.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТНУЮ ПРЭЗЭНТАЦЫЮ ПРАЕКТУ «(НЕ)РАССТРАЛЯНАЯ ПАЭЗІЯ»

Кацярына з адукацыі гісторык, доўгі час працавала ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы, таму даволі добра ведае беларускую літаратуру. І з асобаю Алеся Дудара яна сустрэлася ня першы раз. Яе кранае ня толькі ягоная паэзія, але асоба паэта і ягоны лёс. Дудар – адзін з самых заўважных беларускіх паэтаў 20-х, актор трупы Ўладзіслава Галубка, паліглёт, які вольна валодаў шасьцю замежнымі мовамі і перакладаў з чатырох, ён стаяў ля вытокаў аб’яднаньня «Маладняк» і быў завадатарам вострых літаратурна-палітычных дыскусій. Падрабязьней пра ягоны лёс распавядзе дасьледчыца Ганна Севярынец у адкрытай лекцыі праекту «(Не) расстраляная паэзія» 10 лістапада ў кнігарні «Логвінаў» .   

Песьня «Асыпае чэрвень белы сад» паўстала з музычнай п’есы, якую Кацярына напісала на самым пачатку музычнай кар’еры, у сярэдзіне 00-х. Гэта быў сур’ёзны твор з прапісанымі партытурамі, які бачыўся аўтарцы ледзьве не клясычным творам са струннай аркестроўкай. «Калі я павольна прадэклямавала верш Алеся Дудара, аказалася, што ён амаль ідэальна супадае з рытмікай той даўняй кампазыцыі. Мае музыкі вельмі хутка падхапілі агульны настрой песьні і надзвычай прафэсійна дапрацавалі яе, яна была гатовая літаральна за адну рэпэтыцыю». Сьпявачка кажа, што ў яе дагэтуль прабягаюць мурашы па скуры, калі яна чуе заключнае інструмэнтальнае сола – калі тэкст ужо адсьпяваны, але нібыта ўсё яе цела грае разам з музыкамі.

ПАДТРЫМАЦЬ ПРАЕКТ НА TALAKA.BY

Fantasy Orchestra зьбіраецца выконваць «Асыпае чэрвень белы сад» і надалей на сваіх выступах, бо яна атрымалася якраз такой, якой хацелі яе чуць музыкі. Кампазыцыя ўвойдзе ў новы альбом каманды, над якім цяпер ідзе праца.

Кацярына Ваданосава і Fantasy Orchestra – Асыпае чэрвень белы сад (музыка Кацярыны Ваданосавай, словы Алеся Дудара)

Асыпае чэрвень белы сад.

Сок калінавы лугі апаясаў...

Глянь, як раніцы чырвонае віно

срэбраногія бярозкі заліло!

Разважалі – быць нам ці ня быць,

шмат зрабілі – трэба шмат яшчэ зрабіць...

Стаў на варце адзінокай сіні клён;

ўсім – і блізкім, і далёкім –

                               наш паклон.

Прывітаньне шчыра – ад душы...

Сіл няма такіх, каб нас перадушыць!

Мора пенай разаб’ецца аб граніт –

хай жа кажуць, што ні мэты, ні граніц.

Заплятайцеся, пралескі, у вянок –

плешча радасьці чырвонае віно.

Будзе вецер сівагрывы варажыць

пра свае і пра чужыя рубяжы.

Што нам пацеркі з старых рабін?

Можам самі сабе сьцежку церабіць;

хопіць сілы для чужых і для сваіх,

каб сабою перамогу засланіць.

Будзе праўда з тым, хто перамог,

пераможанаму – крыўда і ярмо...

Ой ты, клён сінегаловы, стройны клён,

па-над возерам празрыстым, быццам шкло!

Асыпае чэрвень белы сад.

Сок калінавы лугі апаясаў...

Нашай раніцы чырвонае віно

срэбраногія бярозкі заліло.

(1927)