У гэту ноч
7773 / 0
22.11.2017

Чысьціня і даверлівасьць. Экс-вакаліст «Сузор’я» зрабіў песьняю верш расстралянага паэта (прэм’ера)

У дадатку да праекту «(Не)расстраляная паэзія» колішні вакаліст гурту «Сузор’е» Павал Харэвіч прэзэнтуе песьню, якую выконвае разам з сынам Юрыем, вакалістам гурту Whiskey Way, на верш паэта Сяргея Фаміна.

Берасьцейскі музыка Павал Харэвіч, вядомы з удзелу ў гурце «Сузор’е», зацікавіўся праектам на вершы рэпрэсаваных беларускіх паэтаў і выказаў жаданьне далучыцца. Для дадатку да праекту «(Не)расстраляная паэзія» ён стварыў музыку да песьні паэта Сяргея Фаміна «У гэту ноч». Павал сыграў партыі саксафону, а вакальную партыю выканаў яго сын Юры Харэвіч, вакаліст гурту Whiskey Way. «Гэты верш мне спадабаўся сваёй чысьцінёю і нейкай даверлівасьцю, — кажа Павал. — Гэта неверагоднае дзікунства — расстрэльваць творчых людзей. І я вельмі ўсьцешаны, што ёсьць людзі, якія ўздымаюць гэтую тэму».

Аўтар верша «У гэту ноч» Сяргей Фамін паходзіць зь вёскі Пепелеўка, што на Магілёўшчыне. Ён скончыў Магілёўскі пэдтэхнікум і літаратурнае аддзяленьне пэдфаку БДУ, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Горацкай сельска-гаспадарчай акадэміі. Паралельна з вучобаю і працаю пісаў вершы, якія друкаваліся ў тагачаснай прэсе. За тэхнічную дасканаласьць вершаў паэта адзначыў Максім Гарэцкі, яго вершы зь беларускай мовы перакладаліся на расейскую і ўкраінскую, але ў 1930-х паэт адчуў пагрозу і засяродзіўся на перакладах. У 29 гадоў яго арыштоўваюць (1935), прыгорваюць да расстрэлу, але нечакана мяняюць прысуд на 10 гадоў канцлягера УХТПЕЧЛАГ. Некаторыя ягоныя вершы, напісаныя ўжо ў зьняволеньні, цудам дайшлі празь перапіску да сваякоў. Ужо ў лягеры яго арыштоўваюць паўторна і як удзельніка «дывэрсійнай групы» расстрэльваюць 4 сьнежня 1941 году ва ўзросьце 35 гадоў…

Паэт Сяргей Фамін (1906—1941)

Павал Харэвіч кажа, што песьня «У гэтую ноч» можа быць выкананая ўжывую гуртом Whiskey Way, дзе ён задзейнічаны ў якасьці клявішніка, саксафаніста і другога вакаліста.

Whiskey Way — У гэту ноч (музыка Паўла Харэвіча, словы Сяргея Фаміна). 

Калыхнулася месяца сінь.

На дварэ па-асеньняму вецер.

Па-асеньняму хочацца сьніць,

Па-асеньняму зоры сьвецяць.

Калыхнулася месяца сінь.

Па-асеньняму зоры сьвецяць.

 

Сёньня восень гуляе садам.

Дарагая! Ня бойся! Зірні!

Ты прыйдзі да мяне, мая радасьць,

Запалі ў маім сэрцы агні!


Вецер шэпча каханьне гальлю.

— Ты заходзь, мая любая, сьмела!

Пацалункамі вытку «люблю»

На канве тваіх шчок загарэлых

Вецер шэпча каханьне гальлю.

На канве тваіх шчок загарэлых.


Сёньня восень гуляе садам.

Дарагая! Ня бойся! Зірні!

Ты прыйдзі да мяне, мая радасьць,

Запалі ў маім сэрцы агні!


У гэту ноч я ня буду спаць.

Ты зайдзі, распляці свае косы!

Я ў сэрца люблю насыпаць

Тваіх слоў залацістае проса


Сёньня восень гуляе садам.

Дарагая! Ня бойся! Зірні!

Ты прыйдзі да мяне, мая радасьць,

Запалі ў маім сэрцы агні!

(2 разы)

(1926)