Кранае
11497 / 0
01.03.2018

«Сразу май» напісалі працяг песьні «Паветраны шар» (аўдыё)

Берасьцейскі гурт «Сразу май» прэзэнтуе ў вясновым туры на TuzinFM песьню «Кранае». Лідэр каманды Сяргей Стэцюк ужо напісаўшы тэкст зразумеў, што атрымаўся працяг славутага гіта N.R.M.

Сяргей прызнаецца, што на яго моцна паўплывала творчасьць Лявона Вольскага. Некалі ён пачуў песьню «Паветраны шар», якая яго ўразіла сваім сэнсам і эмацыйнасьцю і адкрыла для яго сьвет беларускамоўнай музыкі. І па сёньня гэты твор мае для лідэра гурта «Сразу май» вялікае значэньне.

«Нядаўна ў мяне нарадзілася песьня „Кранае“. І калі мы з музыкамі зрабілі аранжыроўку, я зразумеў, што гэта своеасаблівы працяг песьні Вольскага! Сёньня я ўсім кажу, што „Кранае“ напісаная па матывах „Паветранага шара“, — распавядае Сяргей. — Гэта пэўны заклік азірнуцца і ўбачыць, што ў нас ёсьць шмат цудоўнага навокал. І мы павінны берагчы гэта, а не губляць у пагоні за лепшай будучыняй. Усіх нас аб’ядноўвае надзея і жаданьне дыхаць вольным паветрам і быць шчасьлівымі, таму мы спадзяемся, што наша песьня закране слухачоў так, як калісьці мяне закрануў „Паветраны шар“ Лявона».

Сяргей кажа, што рэакцыя слухачоў паказвае, што гэтая песьня займае асаблівае месца ў творчасьці ягонай каманды. «Кранае» ўвайшла ў альбом «Одинаковоразные», які гурт выдаў у канцы 2017-га. Ягоная прэзэнтацыя адбылася ўжо ў Берасьці, хутка будуць канцэрты ў іншых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Менску. Паралельна гурт працуе над наступным альбомам, запіс якога адбудзецца ўжо сёлета. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

Сразу май — Кранае (музыка гурта, словы Сяргея Стэцюка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM

Калі застанемся ляжаць

Паміж двух розных палюсоў,

Ня будзе ўжо каго чакаць,

Усе мы зьнікнем безь сьлядоў.

 

Расплюшчы вочы, азірнісь!

Усё гэта ты маеш

І ты гэта губляеш.

Кранае, яднае надзея мець

Сапраўдную волю, не звар’яцець.

Шар падымае паветраны

 

І па-над зямлёю лятаем мы.

 

У тваім сэрцы ціхі боль

Расьце і множыцца штодня,

Ёсьць новае, яму дазволь

Стаць часткаю твайго жыцьця.

 

Заплюшчы вочы, уяві!

Усё гэта ты маеш

І ты гэта губляеш.

Кранае, яднае надзея мець

Сапраўдную волю, не звар’яцець.

Шар падымае паветраны

І па-над зямлёю лятаем мы.