Я ліцьвін
2874 / 0
28.08.2018

«Я ліцьвін». Пранізьлівая баляда ад дзяржаўных «Песьняроў» (аўдыё)

Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песьняры» прэзэнтуе ў першым туры аўдыёчарту сэзону 2018—2019 песьню «Я ліцьвін», безумоўны посьпех іх новага альбому.

Гісторыя стварэньня гэтай песьні бярэ пачатак у 2009 годзе, калі тагачасны мастацкі кіраўнік ансамблю Вячаслаў Шарапаў знайшоў верш Ігната Клімашэўскага «Песьня ліцьвіна» ў кнізе «Літаратура першай паловы XIX стагодзьдзя». Музыку і аранжыроўку да яе стварыў цяперашні мастацкі кіраўнік «Песьняроў» Раман Козыраў. Прычым яна не адразу трапіла ў рэпэртуар калектыву. Спачатку яна прагучала ў тэлепраекце «Музычны суд», а потым ужо «Песьняры» выканалі яе разам зь фіналістам праекту Аляксандрам Маркевічам.

Першапачаткова яе сьпяваў Андрэй Усанаў, а па ягоным сыходзе яна перайшла да маладога саліста Ігара Дударчыка. «Мы доўга яе бераглі, бо хацелі выдаць альбом цалкам на вершы беларускіх паэтаў XIX стагодзьдзя, аднак не датрывалі і вырашылі паказаць яе цяпер», — зазначае Раман Козыраў.  Песьня гэтая гучыць у альбоме «Продолжение» і зьяўляецца ці не цэнтральнай ягонай тэмаю. На электрагітары ў ёй сыграў Леанід Вярэніч, інструмэнтальную частку кампазыцыі запісалі на студыі Пятра Ялфімава, а вакальныя партыі — на студыі дзяржаўных «Песьняроў».

Песьняры — Я ліцьвін (музыка Рамана Козырава, словы Іпаліта Клімашэўскага). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM, фота Арцёма Пясецкага

Я ліцьвін тутэйшы родам.

Сіл хапала маладзецкіх

Зьведаць край, напіцца водаў

Задняпроўскіх, Камянецкіх

І пад неба я падняўся

Ад дзявочага ўздыханьня

Як вясёлка накупаўся

Ў крыніцы сьлёз каханьня.

 

Я заўжды нясу з сабою песьню між тужлівай сьцюжы,

Каб яна была расою на пялёстках сьнежнай ружы.

Як у сьнежнай ружы лоні п’ецца, раньніх сьлёз уцеха.

Так у душах хай патоне песьня песьняроўскай рэха.

 

Варажбіткi ў лесе цёмным,

Мне ля Прыпяці сьпявалі.

Што над Вяльляй і над Нёмнам,

Ад мяне адступяць жалi.

І лягла туды дарога,

І спазнаў уцех я новых.

І знайшоў я скарбаў столькі,

Што ня выказаць у словах.

 

Я заўжды нясу з сабою песьню між тужлівай сьцюжы,

Каб яна была расою на пялёстках сьнежнай ружы.

Як у сьнежнай ружы лоні п’ецца, раньніх сьлёз уцеха.

Так у душах хай патоне песьня песьняроўскай рэха.