Шэрая поўсьць
3391 / 2
24.12.2013

«Палац» у двух вымярэньнях (аўдыё)

Гурт «Палац» прадстаўляе ў пятым туры аўдыё-чарту на Tuzin.fm свой аўтарскі твор «Шэрая поўсьць», які часта блытаюць з народным сьпевам.

Адметнасьць новага этапу творчасьці гурта «Палац» у тым, што музыкі практычна не бяруць да інтэрпрэтацыі народныя творы, а ствараюць свае на падставе беларускіх легендаў і паданьняў. Лідэр каманды Алег Хаменка бачыць сваё пакліканьне ня толькі ў тым, каб аддаваць даніну павагі мінуўшчыне, але і ў тым, каб уводзіць ва ўжытак абсалютна новыя і сучасныя рэчы, якія грунтуюцца на нацыянальных асаблівасьцях.

Песьня «Шэрая поўсьць» — рэч аўтарская. «У гэтым творы спалучыліся два вымярэньні. З аднаго боку гэта твор пра тое, як мы жывем, пра тое, што мы адарваліся ад зямлі, ад сваіх традыцыяў. А з другога — тут распавядаецца пра даўні звычай, што мелі беларусы. Калі перад застольлем з нагоды пэўнага сьвята, кроплю зь першай часткі адлівалі на зямлю ці падлогу з словамі ды пры гэтым казалі на знак памяці і пашаны: „Продкам і Дзядам!“», — распавядае Алег пра свой твор. Ён вельмі любіць выконваць «Шэрую поўсьць» на сольных вечарынах у акустыку, а вось з гуртом грае нячаста. Хоць вэрсія, запісаная для дыску «Кола грукатала» выйшла надзвычай слаўная.

SB, Tuzin.fm

Палац — Шэрая поўсьць (музыка і словы Алега Хаменкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Гаварыла мамачка

Свайму сыну: — Дзіцятка

Ты ня пій жа з чарачкі

Першыя ды кропелькі

Абярні мядочак свой

Адлій долу «на спакой»

Перадай ахвярачку

Празь зямлю на небачка

 

Сын мамку ня слухаўся

Жыў як на Парнасе воўк

Ды глытаў як з голаду

Чаго прагнуў змоладу

Шэрай поўсьцю наталіўся

Пра дзядоў сваіх забыўся

Ды ўсё думаў як памерці

З каменем на сэрцы

 

А зямелька не даруе

Калі ёй не ахвяруеш

Ад каханьня ды ад плёну

Ды яшчэ з паклонам

Але помстай не зачэпіць

Яна проста не прыкмеціць

І ня прыме і ня возьме

Веснавога променя…

…гаварыла мамачка.

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    24.12.2013 / 14:43

    "Тузін" раіць: справіць Каляды пад музыку гурта "Палац" 6 студзеня!
    Квіткі і падрабязнасьці пра канцэрт тут: http://www.kvitki.by/by/event/18472

  • Muzagent / адказаць
    31.03.2014 / 10:41

    Вы што, хлопцы, Рамштайна абслухаліся...
    Клаву такую вінтажную упіхнулі...)))
    Сьвежанька. Асабліва пройгрышы.
    Якому дыджэю трэба даць заданье заміксваваць, прыкладна у 132 удара у хвіліну. Напрыклад Алексу Мэду... Файны дэнс мікс атрымаецца.

  • КАМЕНТАВАЦЬ