Іван і Бог
2228 / 0
04.09.2018

«Іван і Бог» ад «Цмокаў». Песьня, якой не ставала беларускай музыцы (аўдыё)

Знакавы гурт на беларускай рок-сцэне пачатку 00-х вярнуўся з жорсткім і кранальным да мурашоў дэльта-блюзам, у якім распавядаецца пра лёс цэлага пакаленьня беларусаў.

«Іван і Бог» — песьня пра савецкую калектывізацыю, пра лёс майго раскулачанага ў канцы 1940-х прадзеда, а таксама дзясяткаў тысяч іншых прадзедаў, — кажа Андрэй Скурко, аўтар словаў і бас-гітарыст гурта. — Беларусы да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя былі сялянскай нацыяй. Калектывізацыя была капітальным зломам, вартым формы народнай легенды, у якую гэты сюжэт укладзены. Тэкст круціўся ў галаве многа гадоў у розных варыянтах, і ўрэшце быў напісаны за вечар разам з музыкай. Мікола паслухаў і сказаў: „Бандыцкая песьня“. І зрабіў з рамантычнай ірляндзкай баляды жорсткі дэльта-блюз. Калі паспрабавалі іграць той блюз з Жэнем, з ударнымі, гук пацяжэў і выйшла ўрэшце тое, што вы чуеце».

Каб запісаць песьню «Іван і Бог» музыкі ўпершыню сабраліся празь перапынак у сем гадоў. «Навошта? А навошта людзі займаюцца сэксам? Дзеля ўласнага задавальненьня, канечне. Апроч таго, маецца матэрыял, які мы хочам паказаць людзям», — камэнтуе вакаліст гурта Мікола Шакель.

«Цмокі» пры канцы 90-х дзялілі сцэну з «Улісам» ды «Новым небам», выдаваліся на першых беларускіх CD-складанках. У другой палове 00-х яны выступалі пад назваю Band_А і зь песьняю «Рэвалюцыя» трапілі ў топ-12 гітоў сэзону на «Тузіне» ў 2007 годзе. З трэцім заходам на сцэну яны вырашылі вярнуцца да першапачатковай назвы.

Цмокі — Іван і Бог (музыка гурта, словы Андрэя Скурка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM

Ноччу Івану сасьніўся Бог

і сказаў яму Бог: Іван,

прадай зямлю, забірай сям’ю

і ўцякай за акіян.

Бо скора надыдуць ліхія гады

і будзе іх 52.

Калі зараз мяне не паслухаеш ты,

калі зараз мяне не паслухаеш ты,

нават Я не ўратую вас.

 

Паслухай, пекла ідзе сюды

імя яму будзе калгас.

Там сьвята няма і праўды няма,

а ёсьць толькі працадзень.

Там прыхадзень будзе з тваіх дзяцей

рабіць другасортных людзей.

Там сьвята няма і праўды няма,

такога як ты чакае турма,

сям’ю тваю — Казахстан.

Вырасьце лес на тваім двары,

рабамі стануць гаспадары

ратуйся, бяжы, Іван.

 

Сьпіцца і сьніцца, думаў Янук

выходзячы на ральлю.

Як можа быць вінаваты плуг

у тым, што арэ зямлю?

Я гэтае поле потам паліў

хто зможа яго забраць?

Насустрач дарогай круціўся пыл,

насустрач дарогай круціўся пыл

з-пад ботаў чырвоных салдат.

 

Калі зараз мяне не паслухаеш ты…