Спартанцы
13089 / 2
08.09.2018

Прыгожая форма бяз сутнасьці. Rostany сьпелі пра пакаленьне фаст-фуду (аўдыё)

У першым туры новага сэзону на TuzinFM bass-music гурт Rostany прэзэнтуе свой першы беларускамоўны трэк «Спартанцы», першы зь нізкі твораў, дзе будуць суіснаваць старажытнабеларускія і футурыстычныя музычныя вобразы.

«Гэта трэк пра сёньняшніх нас: мужчыну і жанчыну. Фастфуд-рэчаіснасьць вымушае іх быць вокладкай часопісу, стылёвым пастом у інстаграме — чым заўгодна, але ня тым, што ёсьць насамрэч. Песьня пра сапраўдныя пачуцьці і фэйк, у які яны ператвараюцца», — гэтак прэзэнтуе сваю новую песьню лідэр Rostany Віктар Рудэнка. Ён зазначае, што гэтую кампазыцыю можна ўмоўна аднесьці да стылю «future bass», хоць тут выкарыстоўваецца больш вялікая музычная палітра. Цікава, што хук твора заснаваны на беларускай народнай песьні «Параненька сонца ўсходзіць», якая тут зьяўляецца не перапеўкай, а запісам аўтэнтычнага выкананьня гэтага твору жанчынамі зь вескі Разьдзялавічы Берасьцейскай вобласьці. «На працягу песьні ўнікальны сэмпл гэтай акапэлы заўжды ўзьнікае ў якасьці антытэзы „жорсткаму тэхналягічнаму“ future-bass біту. Гэтыя галасы прарываюцца праз тканіну футурыстычнага саўнду, як пачуцьці скрозь фатафільтры», — тлумачыць сваю задуму Віктар.

Музыка і лірыка належаць аўтарству Віктара Рудэнкі, а сумесны прадакшн зроблены з удзелам Сяргея Кучынскага і Альбэрта Краснова. Запіс жывых бубнаў і вакалу зьдзяйсьняўся на новай студыі беларускага прадусара Андрэя Жукава ў Харкаве. На вокладцы сынглу Саша Аляксандрава адлюстравала сутнасьць «пакаленьня фастфуду»: «Стварэньне Адама» на фатакартцы Polaroid — прыгожая форма зь якой вынішчана ўся сутнасьць.

«Спартанцы» — першая песня Rostany на беларускай мове, а таксама першая зь нізкі твораў Rostany, дзе будуць суіснаваць старажытнабеларускія і футурыстычныя музычныя вобразы. Больш навінаў пра праект — у іх афіцыйнай суполцы.

Глядзіце таксама правакацыйны новы кліп Rostany на песьню FMN пра псыхадэлічны трып у Амстэрдаме.

Rostany — Спартанцы (музыка і словы Віктара Рудэнкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM

Усё стане маной

Стане гулам басоў

І маўчы

Песьня магчыма бяз слоў

 

Оў! халаднакроўныя танцы

Каб не паддавацца на флірт

Танцуй… Мы нібыта спартанцы —

Нам трэба вайна, а ня мір

 

За тонкімі пальцамі

Як за кратамі рай

Толькі дыстанцыю

Вытрымай, вытрымай

Каб не сарвацца і не дакранацца 

Не парушаць эрганомікі танцу

Трымаем дыстанцыю

Трымаем дыстанцыю

Нібы спартанцы

 

Мы зоркі, мы не дылетанты

Мы пара нябесных цел

Так бывае: два кілеры трапляюць

Адно аднаму на прыцэл

 

І халаднакроўныя танцы,

Каб не паддавацца на флірт,

Танцуй… Мы нібыта спартанцы

Нам трэба вайна, а ня мір.

КАМЕНТАРЫ: