Кола грукатала
2190 / 0
19.10.2018

З фольку ў смут джаз. Нечаканая вэрсія галоўнага гіта «Палацу» (аўдыё/відэа)

У зімовым туры на TuzinFM возьме ўдзел песьня «Кола грукатала» ў джазавай апрацоўцы, якую Алег Хаменка выканаў з гуртом Apple Tea.

Арыгінальная вэрсія гэтай песьні перамагала ў «Тузіне» 12 гадоў таму, зь ёй гурт імкнуўся трапіць на «Эўравізію», паводле яе назваў свой самы шыкоўны альбом. «Кола грукатала» можна прыняць за народную, але музыку і словы да яе напісаў лідэр каманды Алег Хаменка. Тэматычна яна зьвязаная са сьвятам Тройцы.

У навагоднім тэлешоў, якое рабіў партал TuzinFM для тэлеканалу «Белсат», гэтая песьня прагучала ў джазавай апрацоўцы гурта Apple Tea. Выйшла нечакана нават для самога аўтара.

«Па-сутнасьці гэта была імправізацыя. Мне ўяўляўся зусім іншы  варыянт — бліжэй да фанк-джазу, а тут прапанавалася нешта смут-джазавае», — камэнтуе Алег Хаменка. Кажа, што ягоныя сябры і прыхільнікі па-рознаму сустрэлі такую вэрсію — ад стрыманага зьдзіўленьня да шалёнага ўхваленьня. Самому ж выканаўцу экспэрымэнт спадабаўся, хоць ён яго лічыць недасканалым. Алег дзякуе музыкам  Apple Tea і асабіста Ігару Сацэвічу ды спадзяецца зрабіць нешта яшчэ ў джазавым кірунку.

Алег Хаменка feat. Apple Tea — Кола грукатала (музыка і словы Алега Хаменкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM

А на млыне кола грукатала

А ў небе зорка чаравала

Ды на рэчцы хваля нашаптала

Як русалка карагод зьбірала

 

Знайшоў, можа не гукаў, можа не жадаў таго

Знайшоў, можа не чакаў, можа не шукаў таго:

Думкі той, што як у мора глыбіня,

Мары той, што як палёт анёла вышыня

Але не ляці высока…

Не кранай глыбока…

 

А ў полі верба сьлёзы ліла

А ў лесе ноч хустку згубіла

На гары ліса распавядала

Як жалеза кроў усюль шукала