З Новым годам!
338 / 0
04.12.2018

Джазавы Варашкевіч: «Варта больш усьміхацца адзін аднаму» (аўдыё/відэа)

У адмысловым туры аўдыёчарту на TuzinFM лідэр гурта «Крама» Ігар Варашкевіч прэзэнтуе песьню «З Новым годам» у джазавай апрацоўцы Apple Tea.

Арыгінальная вэрсія песьні «З Новым годам» была прэзэнтаваная на TuzinFM у 2012 годзе, пасьля яна ўвайшла ў сёмы альбом «Крамы»«Белая вада» (2014). У навагоднюю ноч 2018 году яна прагучала ў джазавай вэрсіі, якую Ігар Варашкевіч прэзэнтаваў разам з гуртом Apple Tea. «Некалі даўно прыдумаўся гітарны рыф, а за ім – рэфрэн са словамі «Можа гэта сонца проста не хапае нам», пасьля чаго Зьміцер Лукашук напісаў астатні тэкст, у якім паіранізаваў зь беларускага мэнталітэту. Агулам жа пасыл песьні ў тым, каб беларусы больш усьміхаліся адзін аднаму, нягледзячы на адсутнасьць сонца», – кажа Ігар Варашкевіч.

Першапачаткова лідэр «Крамы» плянаваў выканаць у джазавай апрацоўцы «Чыкага найтс», песьню з самага першага альбому гурта «Хворы на рок-н-рол», але калі пачуў прапанову і дэма ад Apple Tea «З Новым годам» зьдзівіўся і згадзіўся. «Надта нязвыкла загучала песьня. Не адразу было зразумела, як да яе падступіцца, але на рэпэтыцыі ўсё стала на свае месцы. Увесь джазавы год мне вельмі спадабаўся», – зазначыў музыка.

Джазавая вэрсія «З Новым годам!» прэзэнтуецца ў межах адмысловага джазавага туру на TuzinFM.

Ігар Варашкевіч feat. Apple Tea – З Новым годам! (музыка Ігара Варашкевіча, словы Зьмітра Лукашука)

TuzinFM

 

Пад лапамі мядзьведзеў белых тае лёд,

І кажуць пацяпленьне нам дадасьць клапот,

А мы на працу, з працы кожны дзень ідзем,

Ня ведаем і тых, зь кім побач мы жывем.

Можа гэта сонца проста не хапае нам?

Шчыра ўсіх вітаем і жадаем шчасьця вам!

 

Ня бачым як зьмяняецца жыцьцё вакол,

І што глябалізацыя глядзіць ваўком.

І справы нам няма, што там за тым бугром

І што зьнікае лёд арктычных палюсоў.

Можа гэта сонца проста не хапае нам?

Шчыра ўсіх вітаем і жадаем шчасьця вам!

 

Мы чуем крызіс усё паставіў кверху дном,

А нам ён падаецца нейкім сном.

У сьне найлепш за ўсіх ансамбаль «Песьняры»

А на дажынках п’юць і скачуць да зары.

Можа гэта сонца проста не хапае нам?

Шчыра ўсіх вітаем і жадаем шчасьця вам!

 

Можа гэта сонца проста не хапае нам?

З Новым Годам, людзі, мы жадаем шчасьця вам!