Салёныя сны
1716 / 0
13.03.2019

Асаблівая гісторыя, якую можа перажыць кожны (аўдыё)

Раман Волазьнеў прэзэнтуе на TuzinFM кампазыцыю «Салёныя сны» на словы Мікіты Найдзёнава, зь якой трапіў у фінал конкурсу «Засьпявай». Ужывую гэтую песьню выканаўца сыграе 23 сакавіка на сваім сольным выступе пры падтрымцы Naviband.

«Салёныя сны» — першая кампазыцыя Рамана на словы сучаснага беларускага паэта (дагэтуль ён сьпяваў толькі на словы клясыкаў — Янкі Лучыны і Максіма Багдановіча). Выканаўца добра знаёмы зь Мікітам Найдзёнавым і нават сьпяваў на ягоныя словы адну са сваіх песень. Але непасрэдна да ягонай лірыкі дагэтуль не зьвяртаўся.

Мікіта Найдзёнаў, фота з фэйсбуку паэта

«Калі Мікіта падараваў мне зборнік вершаў, то я намагаўся знайсьці нагоду, каб да яго зьвярнуцца. Такім штуршком акурат і стаў конкурс „Засьпявай“. Я доўга вывучаў ягоныя вершы і нарэшце зрабіў свой выбар на гісторыі, якая кране напэўна ня толькі мяне, бо кожны чалавек нешта падобнае перажывае. Гэты верш нетрывіяльна напісаны, а разам зь незвычайнай музычнай гармоніяй і структурай стварае асаблівую атмасфэру», — распавядае Раман. Сам Мікіта падзівіўся выбару Ромы, бо ня думаў, што з гэтага ягонага вершу можа паўстаць песьня.

Раман зазначае, што песьня нарадзілася літаральна за паўгадзіны, што для яго вялікая рэдкасьць. Вынік настолькі спадабаўся выканаўцу, што было вырашана яе адразу ж запісаць начыста ў студыі. Праца вялася адразу на трох студыях — уласнай хатняй, на ToneTwins і Central Station. За гук і майстарынг адказваў Андрэй Акатаў. А запісаць Раману (вакал, фартэпіяна) яе дапамаглі Канстанцін Ласкутоў (гітара), Уладзіслаў Пашкевіч (бас), Андрэй Іваноў (бубны). «Салёныя сны» была выдадзеная ў якасьці сынглу на вядучых лічбавых плятформах, на яе таксама было зьнятае лайв-відэа.

23 сакавіка ў межах конкурсу «Засьпявай-5» Раман Волазьнеў дае сольны канцэрт, на якой у тым ліку адбудзецца жывая прэм’ера песьні «Салёныя сны». Прагучаць таксама ранейшыя сынглы, песьні з альбому «Мгновения» ды некалькі прэм’ераў. Акампанаваць будуць ягоныя даўнія сябры-музыкі. Выступ пройдзе ў акустычным фармаце: без аніводнага запісанага ў плэйбэку гуку і ў максымальна цёплай атмасфэры. А падтрымае выканаўцу сваім сэтам Naviband. Колькасьць месцаў абмежаваная. Квіткі можна набыць празь Bezkassira.

TuzinFM

Roman Voloznev — Салёныя сны (музыка Рамана Волазьнева, словы Мікіты Найдзёнава)

 

Пад ноч сумую па табе

і сны салёныя прыходзяць.

І гэтак шмат, што мне іх хопіць

на пару фільмаў у чб.

 

І кожны раз былы сцэнар:

што б мы рабілі, ты рабіла.

Гарчэй на ранку, чым рабіна,

і халадней, чым та сьцяна,

 

што паміж намі, хоць і ты

і я ўсё ведаю (амаль што).

Адчуем лёгка ноты фальшу,

хай і прайшло мо’ два гады.

 

А ў гэту ноч, як у той раз,

калі табе сказаў: «Кахаю».

У ваньне хвалі калыхаюць,

і я ня чую твой адказ.