Людзі на балоце
22878 / 4
07.01.2014

Лэсьлі Найф: «Праўда ў тым, што беларусаў як нацыі няма» (аўдыёпрэм’ера!)

У шостым туры аўдыё-чарту на Tuzin.fm гурт Gods Tower прадстаўляе песьню «Людзі на балоце» — першы беларускамоўны трэк за ўсю гісторыю існаваньня каманды.

Gods Tower заўжды пазыцыянавалі сябе, як беларуская каманда, хоць песьні мелі выключна на ангельскай мове. «Людзі на балоце» зьявілася ў іх рэпэртуары ў 2012 годе. Гэта быў пераклад песьні «People in the Swamp», які зрабіла Ганна Аўчыньнікава. «Ганна зрабіла такі пераклад, які было проста немагчыма абмінуць увагаю, — прызнаецца лідэр гурта Лэсьлі Найф. — Гэта выключная заслуга перакладчыцы, самі мы адмыслова не зрабілі б такога, бо ня маем досьведу».

У сваёй дэбютнай песьні па-беларуску гурт закранае сур’ёзную праблему. «У ёй вядзецца пра тое, што беларусаў як нацыі папросту не існуе. Калі гэта ня так, можаце мяне абвергнуць. Пакуль што нацыяй можна назваць украінцаў — ані беларускія, ані тым больш расейцы нацыямі не зьяўляюцца. Грамадзянскай самасьвядомасьці ня маюць, толькі бы жэрці было чаго», — разважае Лэсьлі. Але няўжо зусім няма падставаў для аптымізму? «Нельга адмаўляць праўду, трэба зрабіць так, каб яна сыйшла ў нябыцьцё. Пакуль што гэта робяць адзінкі. Нацыя? Саньнікаў, Дашкевіч, Пазьняк — гэта нацыя. Астатняе альбо расьпіл грантаў, альбо прыстасавальніцтва. У гэтай песьні мы пра большасьць кажам, а яны ўсе патанулі. А хочаце аптымізму — дык вось вам „Ляпіс“. Калі ўсе пра аптымізм сьпяваць будуць, дык гэта будзе БТ».

Лэсьлі кажа, што пра працяг беларускамоўнай творчасьці Gods Tower казаць пакуль заўчасна, але сумневу няма — калі зьявіцца годны тэкст, музыкі абавязкова возьмуць яго да выкананьня.

SB,Tuzin.fm

Gods Tower — Людзі на балоце (музыка гурта, словы Лэсьлі Найфа, пераклад на беларускую — Ганна Аўчыньнікава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы. 

У тым самотным краі,

Дзе змоўкне вецер, дзе ня пройдзе шлях,

Дзе дрэвы паміраюць, —

Няма надзеі з воляю ў вачах.

Паміж пустэльняў — багна,

Дзе кожны цягне свой уласны горб,

Сапраўдны край маўчаньня —

Балота і насельніцтва яго…

Між дрэў пахілых, мокрых

Надзеі з воляй не здабыў ніхто.

Жыцьцё, нібы акторка,

Што ў залі гіне, змрочнай і пустой.

Карчамі ў плыні соннай

Сабе плывуць бязвольна проста ўніз,

За дах, за хлеб надзённы —

Што ж трэба тым, хто вырас у хлусьні?

Між дзьвюх пустэльняў — багна,

І ўласны горб тут цягне кожны з нас

Як стаць на штосьці вартым,

Калі ідзеш па купінах увесь час?

У вечным недаверы:

Сусед пільнуе, каб забраць твой дом,

Пад сонцам здрады шэрым

Глынае багна нас усіх жыўцом…

Сапраўдны край маўчаньня —

Балотны край з насельніцтвам сваім.

Адмовіўшы змаганьне,

Ці ж ты, як корч, ня стаў зусім глухім?

Казаць далей ня варта.

За «дабрабыт» прадаў свой дух дарма.

І час прамовіць праўду:

Жывы тапелец, шанцаў больш няма.

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    07.01.2014 / 15:37

    Як вам спадабаўся Gods Tower па-беларуску? Ці цікавей слухаецца, чым па-ангельску? Ці варта музыкам працягваць у гэтым кірунку?
    Пішыце, камэнтуйце. Музыкі могуць прыслухацца да Вашага меркаваньня.

  • Дзмітрый Падбярэзскі
    Дзмітрый Падбярэзскі / адказаць
    07.01.2014 / 16:05

    І так, і ня надта. Бо калі націск ідзе на тэкст, дык варты было б падчас зьвядзеньня гэты момант крыху падкарэктаваць: не заўсёды тэкст чуецца добра, неабходна напружвацца, што ня гуд. А так сам па сабе нумар годны.

  • Valery Całko
    Valery Całko / адказаць
    07.01.2014 / 23:52

    Месцамі падалося, што вакаліст усе свае сілы аддае, как радок прасьпяваць. Неяк цяжка гэта ідзе ў яго.

  • Aliaksandr Dzeshchanka
    Aliaksandr Dzeshchanka / адказаць
    08.01.2014 / 01:48

    Я б сказаў, што моц Gods Tower у думавым марудным гучаньні. На гэтым трэку яно ёсьць, чаго, нажаль, усё меней стала у жывых выступах. Нібыта яны ўвесь час некуды сьпяшаюцца.

    А што да мовы выкананьня... То гэтаму трэку вельмі пасуе беларуская лірыка, а як іншым - то варта слухаць. Я ад моманту першага знаёмства з гуртом упэўнены, што іх музыка больш беларуская самая па сабе, без уліку мовы.

  • КАМЕНТАВАЦЬ