Гэта магчыма
5896 / 0
07.01.2014

Bristol. Перамагчы немасьць дзён (аўдыё)

Вакаліст гурта Hair Peace Salon Алег Вяль прадстаўляе ў чарце на Tuzin.fm песьню з свайго сольнага праекту Bristol — «Гэта магчыма».

Bristol — праект, з дапамогай якога вакаліст Hair Peace Salon ізноў адчуў жаданьне працаваць у музыцы. «Па розных жыцьцёвых абставінах, якія залежылі ня толькі ад мяне, я вырашыў, што мая праца ў HPS прыпынена. Гэтыя абставіны падказалі мне, што гурт HPS сваё адпрацаваў. Адпрацаваў выдатна і сумленна, і зараз самы час каб зьмяніць нешта ў творчым жыцьці», — кажа Алег Вяль. Музыка кажа, што ён вельмі ўдзячны HPS і усім людзям, што працавалі на працягу існаваньня гурта. Пры гэтым Алег падкрэсьлівае, што кропку ня ставіць: праца гурта HPS проста пастаўлена на паўзу.

Стартаваць з новым гуртом музыка вырашыў менавіта зь беларускамоўнай песьні. Дэбютны сынгл з чатырох песень, які цяпер запісваецца, таксама будзе цалкам па-беларуску. «Па-першае, мова — гэта адна з асноўных прыладаў, з дапамогай якой музыка гучыць па-іншаму у маім выпадку, але бязь зьмены музычнага накіруку, які мне цікавы. Гэта вельмі важна цяпер для мяне, загучаць па-іншаму, але ня горш. Па-другое, да беларускай мове я цяпер бліжэй, як ніколі. Я разумею, што на гэта паспрыялі агулам: жыцьцёвы вопыт, самаасэнсаваньне, нацыянальнае вызначэньне, адыход старых стэрэатыпаў, прынцыпаў. Але таксама, не адракаюся ад ангельскай мовы, таму што люблю яе слухаць, сьпяваць, размаўляць на ёй, наколькі гэта атрымліваецца».

Што да песьні «Гэта магчыма», то Алег называе яе «сапраўдным поп-творам», бо яна атрымалася простай і зразумелай. «Яна стварылася лёгка, ад сапраўднага натхненьня. Прысьвяціць яе хачу блізкім людзям і сябрам. Яе можна аднесьці і да кожнага чалавека. Таму што кожны з нас часьцяком перамагае ў жыцьці немасьць і цяжкасьці па шляху да сваёй мэты».

SB, Tuzin.fm

Bristol «Гэта магчыма» (музыка і словы Алега Вяля). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Зрабі мне памацней
Ранішні напой з навінаў ды падзей,
Ход часу павярні,
Каб мы з табой ізноў маглі
Разам маляваць надзеяў дні
Колеру спакою, гуку дабрыні.

Усьмешкай любай абдымі,
Звонкім сьмехам абудзі,
каб гучаў у сэрца памяці,
бараніў ад сумных думак ды бяды.

Немасьць дзён
Перамагчы нам,
Знакі спазнаць,
Лёс адшукаць.
Разам быць —
Гэта магчыма,
Адным гучаць!

Чаму, мне адкажы,
Праўда ад лухты звычайна на мяжы?
Чаму памылкі лёгкіх слоў
Аддаляюць нас ізноў,
Пакідая ў пустэчы сноў,
у непаразуменьні розных берагоў?

Немасьць дзён
Перамагчы нам,
Знакі спазнаць,
Лёс адшукаць.
Разам быць —
Гэта магчыма,
Адным гучаць!

Вышэй мару, вышэй трымай,
Свой шлях ёй асьвячай,
Згасаць той мары не дазваляй,
Што вядзе за небакрай,
Дзе мы пабудуем новы рай.
Веры у гэта ты ніколі не губляй.

Немасьць дзён
Перамагчы нам,
Знакі спазнаць,
Лёс адшукаць.
Разам быць —
Гэта магчыма,
Адным гучаць!

Вышэй мару, вышэй трымай,
свой шлях ёй асьвячай…