Фінка
6944 / 1
02.04.2014

Фінка для дзяўчынкі. Гіт-хук ад гурта Harotnica (аўдыё)

Гурт Harotnica прадстаўляе ў новым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm песьню «Фінка». Вакалістка Валерыя Валадзько называе яе перадсьмяротным маналёгам дзяўчыны, што канае праз рэўнасьць.

«Фінка» — адзін з самых забойных нумароў гурта Harotnica. Раней музыкі схіляліся да больш мяккага гучаньня, а гэты твор якраз добра характаразуе іх цяперашні саўнд — больш альтэрнатыўны і панк-рокавы, з уцяжаранай гітарай. І ўсё ж трагічны маргінальны рок-н-рол пра фінку стаіць трохі асабняком ад астатніх песень у выкананьні Валерыі Валадзько.

«Мы гэтай песьняй выпрабоўваем нэрвовую сыстэму слухача. Раней мы запісалі суіцыдальны твор „На краі“, а „Фінка“ мае ня менш драматычны сюжэт. Лічыце яе перадсьмяротным маналёгам дзяўчыны, што канае праз рэўнасьць. Кроў і зялёная трава, сонца і фінка між рэбраў», — кажа сьпявачка і жадае ўсім аматарам іх творчасьці цяпла ды любові.

Праект Harotnica заснаваў чарнаскуры беларус Андрусь Такінданг, якому аднаго гурта Recha падалося замала. Склад каманды ўвесь час зьмяняецца, нязьменнымі ўдзельнікамі яе застаюцца сам Андрусь, які тут грае на домры ды часам падпявае ды Валерыя, якая пачынала музычную кар’еру са сьпеваў у гурце Kriwi ды супольных музычных праектах.

Цяпер увесь свой час музыкі праводзяць на студыі «Осмос», так што ў хуткім часе абяцаюць новы альбом. Першы за сем гадоў існаваньня каманды.

На фота: Гурт Harotnica падчас фотасэсіі на Heineken Opener festival-2013 у Гданьску, фота Nadi Sidorenko

Tuzin.fm

Harotnica — Фінка (музыка гурта, словы Андруся Такінданга). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Мурашы на плячах і на шыі,

Валасы ў высокай траве

Паміж рэбраў руплівая фінка,

Назаўжды ты пакінуў мяне

 

Пасьвіць вецер у небе аблокі,

Напаўняе зямлю цішыня,

На траву выплывае паволі

З майго боку чырвоны ручай

 

Ды ня хочацца крыкам трывожыць,

Лепей вочы заплюшчыць і спаць.

Пазяхае чырвонае сонца

І гусьцее чырвоны ручай

Не крыўдую на гострую фінку,

Не крыўдую на рэўнасьць тваю.

Мы ўдвух нарабілі памылак,

 Дык і ты на мяне не крыўдуй.

КАМЕНТАРЫ: