Кацярынка маладая
5781 / 2
25.04.2014

«Песьняры» запісалі новы гімн красе і прыгожасьці (аўдыёпрэм’ера)

Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песьняры» прадстаўляе ў новым туры на Tuzin.fm свой новы аўтарскі твор. Песьня «Кацярынка маладая» стала лягічным працягам сэрыі песень, у якіх апяваецца дзявочая прыгажосьць.

«Песьняры» ў розны час сьпявалі пра Алесю, Вераніку, Марысю, Стасю, Александрыну ўрэшце рэшт. А вось пра Кацярынку яшчэ не пяялі. Кампазыцыя «Кацярынка маладая» была напісаная сёлета, аўтарам словаў Вячаслаў Шарапаў, цяперашні мастацкі кіраўнік «Песьняроў», які працуе ў ансамблі ўжо 15 гадоў, а аўтарам музыкі — Раман Козыраў, клявішнік і музычны кіраўнік «Песьняроў».

«Гэтую песьню мы запісалі толькі што. Яна атрымалася летняй з настрою і прысьвячаецца незямной прыгажосьці нашых дзяўчын, пекнасьці і красе. Думаю, што яна зойме трывалае месца ў нашым цяперашнім рэпэртуары», — кажа Раман.

БДА «Песьняры» розьняцца ад іншых калектываў, якія працуюць пад такой ці практычна такой жа назвай тым, што пастаянна знаходзяцца ў музычным пошуку, захоўваючы фірмовы арыгінальны стыль, не адыходзяць ад беларускай мовы і ствараюць ня толькі новыя кампазыцыі, але і цэлыя цыклі. Апошні па часе альбом «Шчасьлівасьць» (2011) быў напісаны на раньнія вершы Янкі Купалы, цяпер у рэпэртуары ансамблю ёсьць нізка новых твораў на вершы беларускіх паэтаў XIX стагодзьдзя. Сёлета плянуецца выхад новага альбому.

Музыкі ансамблю спадзяюцца, што іх новы твор прыйдзецца даспадобы наведнікам Tuzin.fm.

Tuzin.fm

Песьняры — Кацярынка маладая (музыка Рамана Козырава, словы Вячаслава Шарапава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

 

Кацярынка маладая

Нiбы птушка залатая

Нiбы кветка ў пышным садзе

Нiбы зорка ў зарападзе…

 

Мая любоў, маё каханьне…

 

Кацярынка маладая

Летняя ноч на двары

У небе зорка залатая

Шлях асьвятляе, гарыць

 

Побач няма нiкога

Дожджык размыў дарогу

Я цябе на рукi падыму высока

Аднясу дадому

 

Мая любоў, маё каханьне…

 

Кацярынка маладая

Любiш, цi не? Адкажы!

У небе зорка залатая

Шлях асьвятляе ў цiшы

 

Не агавораць людзi

Як пацалунак будзе

Толькi навакольле, цiхае прывольле

Летняе раздольле…

 

Мая любоў, маё каханьне…

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ: