... (Недзе зноў разьлілася атрута…)
4385 / 2
28.04.2014

Omut. Вечнае ў памяці нашай жыцьцё (аўдыё)

У новым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm адна з галоўных надзеяў беларускай мэтал-музыкі гурт Omut прадстаўляе сваю новую песьню. Музыкі напісалі яе пад уражаньнем ад менскага тэракту трохгадовай даўніны.

Новая песьня гурту Omut ніяк не завецца. Яна ўвайшла ў безыменны самотнік, які пабачыў сьвет сёлета 11 красавіка — на гадавіну тэракту ў менскім мэтро. «Мы моцна ўразіліся той трагедыяй і гэтыя свае эмоцыі перадалі ў творы, які даўно ўжо насьпяваў. Гэта песьня-сымбаль, песьня-напамін, яна пра адзін з бакоў чалавечай сутнасьці, якому цяжка даць вызначэньне, цяжка сказаць, ці існуе ён увогуле. Гэта не пытаньне і не адказ, а нешта сярэдняе паміж імі, тое, што хаваецца пад шматкроп’ем, нешта паміж выклікам і адказам, эпітафія, якая робіць мёртвае рэчаісным. Менавіта з-за гэтага песьня і не атрымала назвы і застанецца безыменнай», — зазначае вакаліст гурту Алесь Максімовіч. Музыкі падкрэсьліваюць, што не хацелі б, каб сама песьня асацыявалася наўпрост з падзеямі трохгадовагай даўніны, бо гаворка ў ёй ідзе значна пра большае. У чарце на Tuzin.fm песьня будзе звацца паводле першых словаў тэксту.

Omut — нетыповая для беларускай мэтал-сцэны каманда. Разам са звыклымі гітарай і басам у іх гучыць баян, а два такія розныя галасы — моцны мужчынскі і народны жаночы — спалучаюцца разам. За час існаваньня каманды акрэсьліўся іх своеасаблівы стыль — палескі фольк-мэтал. Праўда, Алесь з гэтай нагоды зазначае: «Мы ня граем фольк, мы ня граем паган, мы проста граем мэтал такім, якім мы яго адчуваем, праз сваю музыку перадаем свае пачуцьці». Дарэчы, лідэр гурту Omut быў адным з тых, з каго маляваў партрэт тутэйшага мэталіста мастак Сяргей Харэўскі.

Яшчэ адно неабходнае тлумачэньне, якое заўжды дае гурт Omut — адносна сваёй назвы: «У беларускіх гаворках, у прыватнасьці на Палесьсі, выкарыстоўваецца і „вір“, і „омут“. А пытаньне, адкуль на самой справе слова прыйшло, няхай высьвятляюць лінгвісты. Па-другое, назва гурта зьявілася яшчэ ў пачатку 2004 году. Усе нашыя блізкія сябры ведаюць нас менавіта пад гэтай назвай. Ды і мы ўжо прызвычаіліся да яе».

Цяпер Omut рыхтуе новы альбом. Новы безназоўны трэк у яго ўключаць не плянуецца, у яго ўвойдуць больш раньнія кампазыцыі гурту. Таксама каманда возьме ўдзел у фэсьце «Купальскае кола», які пройдзе сёлета ў Беларусі (Менск) 27 чэрвеня і ва Ўкраіне (Камянец-Падольскі) 28—29 чэрвеня.

Tuzin.fm, фота Сьвятланы Дубавец

Omut — Недзе зноў разьлілася атрута… (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Недзе зноў разьлілася атрута.

Сустрэў акіян рачны лёс.

Галашэньні, людзкія пакуты

Вершнік сьмерці з крывёю прынёс.

 

Пад зямлёю грымотаў навала.

Ладзяць скокі роспач ды крык.

І вядзьмарка з усьмешкай сказала,

Што сьмерць непазьбежна чакае жывых.

 

Спасылаемся на д’ябла ды Бога

На нечысьць, старажытных багоў

Ад старога і да малога

Ямо хлеб, чакаем кроў.

 

А пад намі ў балі калецтва

Забіраючы сьлёзы з вачэй

З-пад заганнай рукі чалавецтва

Выпадак зьнішчае Айчыны дзяцей.

 

Зноў узьнiмуцца чорныя кветкі

Успамінам у сэрца калоць

Добра, кажуць, квітнеюць палеткі

Дзе зь зямлёю зьмяшалася плоць.

 

Дзе дзясяткі людзей затаптана

Спачывае журботнасці цень

Палівае жыцьцёвай расою

Яшчэ адзін помнік, яшчэ адзін дзень.

 

Лёс не літуе і хопіць марыць

Час ня гоіць, дае забыцьцё

Хай даруе і хай ім падарыць

Вечнае ў памяці нашай жыцьцё

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • vshender / адказаць
    28.04.2014 / 18:10

    Прабачце, але назва песнi, якая "паводле першых слоў тэксту" ў вас няправiльная. Павiнна быць "Недзе зноў разлiлася АТРУТА".

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    29.04.2014 / 11:16

    Перапрашаем, пераправілі.

  • КАМЕНТАВАЦЬ