Пан Падвей
3210 / 0
26.05.2014

Выдатны дэбют! Міталягічны поп-рок ад Geofil (аўдыёпрэм’ера)

Гурт Geofil зь Віцебску дэбютуе на Tuzin.fm з творам «Пан Падвей», пра аднаго з герояў беларускай міталёгіі і паэзіі Максіма Багдановіча.

Праект Geofil толькі пачынае свой шлях. У ім задзейнічаны Зьміцер Брэшчанка (гітара, голас) і Тамаш Вярэніч (сынтэзатар, голас). Яны ня супраць пашырыць склад і шукаюць музыкаў. Песьні пішуць на свае вершы ды творы айчынных паэтаў. «Мы хочам выявіць беларускі Космас, спасьцігнуць яго. У гэтым бачым мэту сваёй творчасьці», — зазначаюць удзельнікі Geofil.

Музыкаў найперш цікавіць беларуская міталёгія, тое, як тлумачылі зьявы навакольнага сьвету нашы продкі. Пры гэтым яны не працуюць у чыстай фольк-стылістыцы. Іх дэбютны трэк, які бярэ ўдзел у аўдыёчарце на Tuzin.fm, наогул бліжэй да поп-року. Удзельнікі Geofil ня кажуць наўпрост пра тое, што на іх твор «Пан Падвей» паўплывала творчасьць Максіма Багдановіча. Але ўплыў клясыка адчувальны, у яго гэты вобраз сустракаецца ў вершах «Падвей» і «Завіруха».

«Гэта наша першая песьня, якую мы давялі да ладу ў сакавіку 2014 году ў Віцебску. Падвей — гэта адзін з духаў ветру, асоба беларускай міталёгіі. Яго можна калі-некалі сустрэць у полі, на возеры. Гэта дух шкодны і таму трэба быць пільным, каб ён не скруціў табе руку ці шыю», — распавядае Зьміцер Брэшчанка, аўтар словаў.

Удзел у чарце на Tuzin.fm для музыкаў з Geofil наогул першая публічная спроба паказаць сваю творчасьць. 

Tuzin.fm

Geofil — Пан Падвей (музыка гурту, словы Зьмітра Брэшчанкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Сонца няма ўвесь дзень

Злосна вятрыска дзьме

Па ўсёй старонцы паветра гудзіць

Хмары чапаюць лес

Чары наводзіць бес

Кагосьці хоча схапіць і скруціць

 

Прыпеў:

Белым долам, чорным борам

У дні, у начы

Па балотах, па азёрах

Не ўцячы

Скоча колам па ўзгорах,

Ён і тут і ўсюль,

Пасьпявае вельмі скора,

Бяжы, ратуй.

Хэй, хэй, пан Падвей, куды ляціш?

Хэй, хэй, пан Падвей, чаму ня сьпіш?

 

Адкуль ты паўстаў

Ці хто засьвістаў

Ці хто злаўмысна да нас падаслаў

Толькі ўсё дарма

Месца табе няма

Са мною крыж ды Хрыстова Імя.

 

Прыпеў

Тэгi: