Дабро спарадзіў Нішто
1445 / 0
14.04.2015

Дабро спарадзіў Нішто

Сяргей Пукст падрыхтаваў праект-містыфікацыю, праект-пустату, праект-нішто, які чаруе і вабіць якраз вось гэтай сваёй нікчымнасьцю і бяздоннасьцю.

Упершыню Сяргей Пукст паведаміў, што ён ёсьць Дабро, у кулюарах прэміі Rock-Profi у 2013 годзе. Тады ідэя асвоіцца ў жанры шансону (у расейскім разуменьні cтылю) выглядала ня больш чым на бздуру артыста-правакатара, псыхіку якога траўмаваў бой на «Музычным рынгу» супраць Віктара Каліны. Вядома ж, шалёная папулярнасьць артыстаў гэтага жанру ў нашых краях, «Шансон-ТВ» у кожным доме і «Радыё Рокс» ва ўсіх маршрутках робяць сваю справу — людзі неабазнаныя прымаюць гэта за музыку, а творцы часам разглядаюць дадзеную сытуацыю навязваньня як асабісты выклік («Куплеты і прыпевы» Вольскага, «Шо-Шо» Хведара Шчавеля). Уцягнуўся ў гэтую гульню і Пукст, самы неардынарны беларускі артыст, які схітрыўся нядаўна так выканаць «Александрыну», што выклікаў нянавісьць сям’і Мулявіна. Цяпер яго могуць узьненавідзець яго ж прыхільнікі.

У сваім новым арт-праекце Сяргей, а дакладней яго альтэр-эга ў выглядзе немаладога і жанатага пэрсанажа Георгія Дабро, размаўляе зь меркаванай аўдыторыяй агульнапрынятай мовай, дае цалкам ясныя сыгналы і пасылы, каб яшчэ чаго добрага не выклікаць разрыў шаблёну. Робіцца гэта вельмі тонка, іронія ў творчым выказваньні калі і прасочваецца, то такая лёгкая і ненавязьлівая. Разьлік на тое, каб абывацеля не спужаць і даць яму тое, чаго ён прагне. «Людзям хочацца нармальнага прагаворваньня зусім простых рэчаў», — вяшчае Дабро з экрана тэлевізара вядучай, якая слухае яго з надзвычай сур’ёзным выглядам. А гэта значыць, што містыфікацыя ўдалася, як тут не згадаць Курохіна з Шолахавым. Пукст вельмі блізкі да гэтых жа матэрыяў.

Прэтэнзія да «Энергіі» адна. Чаму гэта не альбом? У рэліз увайшлі толькі 6 песень, што не дае падставаў назваць яго паўнавартасным. І да ўсяго на дыск ня трапілі цудоўныя, нават лёсавызначальныя, калі казаць пра кар’еру менавіта Георгія Дабро, песьні — «Бальзаковский возраст» і «Америка». Але галоўнае, што тут ёсьць «Сегодня на работу не пойду» — галоўны цуд гэтага ўсяго праекту. Песьня нібы адмыслова напісаная да фільму «Отпуск в сентябре». Таму нядзіва, што на кліп-коўб з Далем можна глядзець як на агонь — вечна.

Наогул жа праект «Георгі Дабро» — гэта барацьба між двума «я» аўтара. Вядома ж, як Дабро ён робіць сваю справу шчыра — не папракнеш. Артыст гранічна сур’ёзны, падвоху нават спрактыкаванае вуха не адчуе (а які можа быць падвох у «Лодочках»?). Але часам ці то нэрвы здаюць, ці тое інтэлект бярэ сваё, і ў гэтую дакладна абазначаную прастору ўрываецца сам Пукст, які — наўмысна ці не — дае сыгнал тым, хто вырашыў працягваць праслухоўваньне: рабяты, тут ня ўсё проста. І тады ўзьнікае дзівосны кавэр на «Lithium» ад Nirvana альбо фірмовы пукстовы рык у «Амэрыцы», якой тут, зрэшты, няма.

«Дабро» — праект мабільны з улікам таго, што ў ім удзельнічае толькі адзін чалавек. Без інструмэнтаў, бо прынцыпова выступае пад фанаграму (да плюсавой яшчэ не дайшло, але ўсё можа быць). Зрэшты, і самога выканаўцы таксама няма, ёсьць толькі Пукст і Пустэча, у якую так цікава зазірнуць і ў якой так проста згубіцца.

Cпампаваць альбом можна на Ultra-Music

Сяргей Будкін