Чатыры ўзроўні ўспрыманьня Дабра
1336 / 1
01.08.2015

Чатыры ўзроўні ўспрыманьня Дабра

Пукст звар’яцеў? Захацеў зарабіць? Пажартаваць? Неадназначны альбом «От нашего столика» авангарднага сьпевака ў вобразе шансанье Георгія Дабра.

Пукст зьдзяцініўся і звар’яцеў? Гэта першае, што прыходзіць на розум, калі чуеш «Женщину мою». Ня вытрымаў гэтай сытуацыі адвечнага супрацьстаяньня і звар’яцеў. Той, хто чуў Пукста да моманту зьяўленьня «Дабра», уразіцца моцна. Анічога не засталося ад дзёрзкага эстэта, які мысьліў у найвышэйшай ступені нешаблённа і выклікаў захапленьне ў менскіх эстэтаў сваім шматзначным душаразьдзіральным крыкам. Ён ператварыўся ў міралюбівага ўкормленага шансанье — роўнага і плоскага, як на першы погляд. І немагчыма слухаць без зубнога скрыгату гэтыя сьпевы пра «хрустальный луч в бокале в ресторанной суете» пад пераліў танных клявішаў і манатонны падклад.

Пукст хоча зарабіць? Без сумневу, у краіне, дзе ў пашане нізкапробны расейскі шансон і моцная настальгія па тым як-раньш-было, такі прадукт мусіць быць запатрабаваны. Вясельлі, рэтра-дыскатэкі, пятнічныя вечары ў кавярні на Аўтазе, уся гэтая бездань яго — Дабра. Праўда, ёсьць рызыка, што выканаўцу раскусяць падчас выкананьня «Lithium» (гл. папярэдні рэліз), і спроба зьліцца з масамі ў такім разе будзе марнай. Яшчэ нефармалам ці інтэлігентам вашывым могуць абазваць як мінімум. Усё ж далёкі ён ад народу, Георгі гэты, хоць і прадукт савецкай эпохі, факт.

У такім разе Пукст жартуе, напэўна, і заняўся кляўнадай? Гэтыя дурныя, цёплыя і мілыя песенькі пра сьлязінкі і сьмяшынкі ёсьць хіба доказам, што таленавітаму творцу падуладныя ўсялякія жанры. Стылістыка альбому ў такім разе вызначаецца вельмі проста — музычная пародыя, ніяк інакш. Праўда ёсьць асьцярога, што артыста прымуць такім усур’ёз, і ён станецца ахвярай свайго ж жарту, як тое было ў выпадку з «Санем» у RockerJoker. Зрэшты, выступ Пукста ў вобразе Дабра на «Слаўбазе» пад шыльдаю «Звёзды шансона» быў бы яшчэ тым арт-пэрформансам.

Па вялікім рахунку, Пукст проста выпрабоўвае слухача на трываласьць. І ў гэтым кантэксьце ўспрыманьня яго новы альбом нічым не адрозьніваецца ад папярэдніх сольных праграмаў і працаў з PukstBand, які ад нядаўняга часу завецца Pupkorn. Ён па-ранейшаму выклікае і сьмех і сьлёзы, і роспач, і поўнае непрыманьне — толькі цяпер робіць гэта іншым спосабам. З асаблівай цынічнасьцю і жорсткасьцю. Таму ніякае гэта ня рэтра і не настальжы, а дзікунскі, бязьлітасны, шызоідны панк. І гэта цалкам адэкватны і сур’ёзны адказ на ўсю тую пошасьць, якая нас атачае.

Сяргей Будкін

КАМЕНТАРЫ:

  • Яўген Сокалаў
    Яўген Сокалаў / адказаць
    02.08.2015 / 12:58

    Па вялікім рахунку, не новая з'ява. Раннія "Ляпісы" - тое ж незразумелае памежжа панка і рэстараншчыны. Хіба, з Пукстам абодва бакі гіпертрафаваныя.

  • КАМЕНТАВАЦЬ