Задаволеным быць не забароніш
1523 / 0
24.11.2013

Задаволеным быць не забароніш

Пасьля сыходу Касі Камоцкай у дакумэнталістыку і Русі ў фальклёр Наста Шпакоўская засталася на беларускай незалежнай сцэне фактычна адзінай рок-вумэн зь ярка акрэсленай пазыцыяй.

Гурт на чале з сьпявачкай і акторкай Настай Шпакоўскай выдаў свой самы няўтульны і жорсткі альбом у дыскаграфіі. Уласна кажучы, для тых, хто ўважліва сочыць за творчасьцю Naka, іх трэці студыйнік сюрпрызам ня будзе. Добрая палова песень зь яго выдаваліся асобна ці ў межах міні-альбомаў ды выконваліся апошнім часам на жывых выступах.

Альбом “Довольна” выйшаў праз тры гады пасьля папярэдняга і ў час яго падрыхтоўкі ў гурце, краіне і сьвеце адбыліся падзеі, якія яўна паўплывалі на зьмест і настрой дыску. Пасьля сыходу Касі Камоцкай у дакумэнталістыку і Русі ў фальклёр Наста Шпакоўская засталася на беларускай незалежнай сцэне фактычна адзінай рок-вумэн зь ярка акрэсленай пазыцыяй. Яна бярэцца сьпяваць на зусім нязручную для большасьці беларускіх музыкаў тэматыку, часам ужываючы прыём іншасказальнасьці (“Довольна”), а часам проста б’ючы ў лоб (“Всех забрали”, напісаная пад уплывам падзеяў 19.12.2010). Сьпевы прасякнутыя грамадзянскім патасам, адчуваецца, што удзельнікі гурта маюць абвостранае пачуцьцё справядлівасьці і ім яўна баліць ад усяго таго негатыву, фальшы ды хлусьні, што пануе навокал. Ад гэтага і кампазыцыі атрымліваюцца напружныя і нэрвовыя, сягаючы часам арт-рокавых формаў. Слухаць большасьць нумароў вельмі няўтульна, нават калі яны пададзены нібыта лёгка, нібыта амаль у стылістыцы кабарэ, не кажучы ўжо пра жорсткія ў музычным пляне трэкі. Такая ж няўтульнасьць адчувалася, напрыклад, у гурта “Новае неба”, асабліва ў другой палове 90-х.

З агульнай канвы альбому выбіваецца песьня “Мой милый”, што яўна засталася ў спадчыну ад ранейшага “руска-рокерскага” этапу каманды. Аматарам мэлядычнага пачатку ў творчасьці Naka яўна прыйдзецца даспадобы трэк “Клочьями”. Калі абіраць галоўны гіт альбому, то быць ім якраз гэтай кампазыцыі, не такой торганай, як астатнія, вельмі правільнай у пляне аранжаваньня, зь лёгкай гітарай і клявішамі на дальнім пляне. Нельга не згадаць і ўдалыя дуэты з Янкам Маўзэрам і Зьмітром Вайцюшкевічам. Песьня “У баі” — ці не галоўны посьпех гэтага дыску, яна вельмі добра глядзіцца ў якасьці фінальнага нумару, бо дае надзею.

Спампаваць альбом  можна на афіцыйнай старонцы рэлізу  

SB, Tuzin.fm/Budzma.org