Пачніце працу з кнопкі «Пукст»
1806 / 0
14.02.2014

Пачніце працу з кнопкі «Пукст»

Сяргей Пукст на час замарозіў сваё альтэр-эга пад назвай Георгі Дабро, каб урэшце выдаць перапісаныя найлепшыя аўтарскія рэчы з паўнавартасным бэндам. Атрымаўся сапраўдны The Best.

У існаваньне гурта з назваю Pukstband ужо неяк і ня верылася. За апошнія дзесяць гадоў Пукста бачылі пераважным чынам аднаго, ды і тое зрэдчас. Ён браўся толькі за канцэптуальныя рэчы, калі сядаў за фано, каб агучыць «Кастуся Каліноўскага», ці паўставаў у вобразе ажылай статуі Апалёна, каб прадставіць вельмі прыватны альбом «Внутреннее», напісаны і сыграны на поўнай самоце. А ўласна Pukstband, які паспеў колісь абазначыць сябе двума вельмі някепскімі альбомамі, ня бачылі. Але выявілася, што ён ёсьць.

На «Последний альбом» трапілі рэчы, правераныя часам. Хоць Пукст не абазначаў гэты дыск як «The Best», але рэліз яўна выглядае на зборку найлепшага. Частка песень нават уваходзіла ў альбом «Strange Glamour» (2003). На «Не было тебя» калісьці зрабілі выдатны кліп Юлія Рудзіцкая і Макс Сіры, а проста бездакорную «Трыюмф волі» на беларускую перакладаў Андрэй Хадановіч для праекту «Тузін. Перазагрузка».

Усю гэтую залатую «старызну» трошачкі перааранжавалі ды перапісалі наноў такім чынам, што «Последний альбом» пачаў выглядаць не складанкай песень розных гадоў, а глыбока прадуманым канцэптуальным альбомам. Вельмі рамантычным, як ні дзіўна. І шызафрэнічным пры гэтым. Пукст то сьпявае саладжава, то рыкае не па-чалавечы. Саўнд-карцінка альбому таксама створаная на кантрастах. «Сынатраўскую» мякаць раптам руйнуюць дэструктыўная гітара і псыхадэлічныя клявішы, і зь песьні-цукеркі кампазыцыя ператвараецца ў камяк нэрваў. Гэта і ёсьць адметны пукстаўскі стыль: прылашчыць слухача, каб потым шакаваць. Каб па выніку той атрымаў максымальна магчымае эстэтычнае задавальненьне.

Поўную вэрсію з 13 песень можна набыць на CD, вырабленых ды аздобленых асабіста аўтарам песень.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by