Ідэальны саўндтрэк да твораў Караткевіча
2377 / 0
08.05.2014

Ідэальны саўндтрэк да твораў Караткевіча

Праект Артура Матвеенкі, названы ў гонар багіні прыроды, запаўняе лякуны беларускай музычнай прасторы. Dzivia прапануе ўзорны фольк-эмбіент, якога ў нас удзень са сьвечкаю не адшукаеш.

Да стварэньня эмбіенту з нацыянальным калярытам нашыя музыкі падступаліся неаднойчы. Пэўна, што найбольшых посьпехаў тут дасягнуў праект Pragnavit, які ўжо 15 гадоў працуе ў плыні рытуальнага фольку. Ясна, што Dzivia ў параўнаньні зь ім можа ўспрымацца як папса — усё ж Войст капае нашмат глыбей за Артура. Затое мысьліць 18-гадовы лідэр Dzivia маштабна і творы свае стварае з адпаведным размахам. Такое адчуваньне, што адбываецца гэта пакуль навобмацак і пад моцным уплывам існых узораў, але няма тут заштампаванасьці і кожную хвіліну прысутнічае чаканьне, што аўтар вось-вось адарвецца ад зямлі і паляціць, захапіўшы з сабой слухача.

У Артура атрымалася стварыць ідэальны саўндтрэк, які можа пасаваць да твораў Караткевіча (да «Дзікага паляваньня караля Стаха», вядома ж, найперш) прыблізна гэтак жа, як пасаваў альбом Pink Floyd «Dark Side of the Moon» да старой стужкі пра чараўніка з краіны Оз. Сапраўды тут адбываецца супадзеньне на эмацыйным узроўні, што няцяжка патлумачыць, калі ўлічваць, што аўтар натхняўся на стварэньне сваёй музыкі паданьнямі, легендамі ды падзеямі мінулых часоў, апісанымі і Караткевічам у тым ліку. Адсюль такая ўзьнёсласьць, уласьцівая кожнаму трэку на альбоме. Дасягаецца яна найперш дзякуючы выкарыстаньню дуды, скрыпкі, арфы, якія, мяркуючы з усяго, прапісваліся ўжывую. Словаў тут няма, але паэтычнасьць хаваецца ў саміх назвах твораў.

«Жняяр мрояў» — гэта ня толькі выказваньне юнага рамантыка, зачараванага крывіцкай канцэпцыяй, але яшчэ і дэманстрацыя магчымасьцяў. Хлопец паказвае, на што ён тэхнічна здольны ў межах канкрэтнага творчага канцэпту, і зразумела, што гэта яшчэ не мяжа. Артурава дзялянка — кіно. Шкада толькі, што фільмаў і сэрыялаў на зададзеную тэматыку ў нас практычна не здымаюць.

Dzivia — Жняяр мрояў, 2013

Cтаронка праекту на Facebook/УКантакце

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org

Тэгi: