Жартаўлівы панк-гімн пра разьмеркаваньне (відэа)
Гурт «Тлушч» прадстаўляе ў відэачарце на Tuzin.fm кліп на песьню «Разьмеркаваньне» з свайго дэбютнага альбому.
Музыкі з гурта «Тлушч» задумалі падмацаваць кліпам адну зь песень свайго дэбютніка, які пабачыў сьвет летась. Абралі трэк «Разьмеркаваньне» з той простай прычыны, што яно якраз было на падыходзе. «Большая частка кліпу была адзьнятая ў цягніку ў Горадню і падчас выступу ў культавым клубе Rocker Bar. Дарэчы, героі кліпу „разьмяркоўваліся“ якраз зь яго прыбіральні, на дзьверы якой мы прымацавалі адпаведны надпіс. Дзіўна, але фактычна ўвесь сцэнар атрымалася рэалізаваць. Вядома, гэта было б немагчыма бяз нашых сяброў, што сыгралі і адзнялі як мае быць», — кажа вакаліст каманды Павал Белы, які і выступіў у ролі рэжысэра першага відэа гурта. Ён заўважае, што «бюджэт відэа з самога пачатку імкнуўся да нуля», таму і арыентаваліся на нешта сьціплае, але яскравае. Разьмеркаваньне, дарэчы, саміх удзельнікаў «Тлушча» ўрэшце рэшт не зачапіла.
Увосені 2014 году «Тлушч» зьбіраецца прэзэнтаваць свой новы альбом. Па традыцыі музыкі зьбіраюцца падмацаваць адну з абраных песень рэлізу відэа.
Тлушч — Разьмеркаваньне (рэжысэр — Павал Белы). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ