Невылечны
2292 / 0
27.02.2015

Harotnica. Ня плач, хлопчык, ня плач (відэа)

Гурт Harotnica прадставіў новае афіцыйнае відэа. Музыкі вырашылі ўвасобіць песьню «Невылечны», якую Андрусь Такінданг напісаў пад уражаньнем ад наведваньня лякарні ў Бараўлянах.

Гэтая кранальная песьня пра хворага на рак хлопчыка, які перажывае за лёс птушкі, прадстаўлялася ўжо ў межах аўдыёчарту на Tuzin.fm. Менавіта на яе музыкі зрабілі музычнае відэа. Дужа падабаецца ўдзельнікам гурта, як яна гучыць. «Мы захацелі яе ўвасобіць, таму што якраз гэты твор найбольш тонка перадае нашу цяперашнюю стылістыку. Тут ёсьць стандартны рокавы напор зь яркімі духавымі, казачнай домрай і жаночым вакалам. У ёй спалучаецца наша музычная весялосьць і сур’ёзны, у нечым нават трагічны, тэкст», — кажа вакалістка Harotnica Валерыя Валадзько.

Відэаролік ня мае сюжэту як такога і зусім не правязаны да зьместу самой кампазыцыі. Музыкі імкнуліся зрабіць творчую справаздачу перад сваімі слухачамі і скарысталі кадры з сваіх самых удалых выступаў за 2014 год, зьнятыя рознымі апэратарамі. Рэжысэрам і прадусарам відэа стаў Ігар Чышчэня.

Harotnica — Невылечны (рэжысэр — Ігар Чышчэня). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm