Distant Love
2201 / 0
13.05.2015

Разьвітальны кліп гатычнага праекту Kaltherzig

Лідэр гурта Аляксандар Круп прадставіў кліп на беларускамоўную песьню з ангельскай назвай «Distant Love», які быў паказаны пасьля таго, як Kaltherzig спыніў сваё існаваньне.

Кліп на «Distant Love» фактычна падвёў рысу пад гісторыяй беларускага гатычнага праекту. Гурт даў свае апошнія канцэрты ўвосень 2014 году, у канцы году выдаў альбом ды абвесьціў, што надалей працаваць не зьбіраецца. І тут раптам — новы кліп. Аляксандар Круп тлумачыць: аніякіх спробаў таннага піяру тут няма. Здымкі адбываліся летась, але з тэхнічных прычынаў відэа не пасьпелі прадставіць разам з аднайменным сынглам. Разам з Аляксандрам у роліку зьнялася былая вакалістка гурта — Эліс. «Вельмі хацелася візуалізаваць менавіта гэтую лірычную песьню. Нягледзячы на тое, што вось як чатыры гады Alice не прымала ўдзелу ў жыцьці праекту, у мяне было імкненьне рэалізаваць кліп пры яе ўдзеле. Такім чынам мы замкнулі кола, бо гэтую песьню мы выконвалі ў 2009-м разам з Alice. Яшчэ адной прычынай было жаданьне адзначыць нашае творчае супрацоўніцтва. Дзіва, але дагэтуль яна была адзінай асобай, якая не прыняла ўдзелу ў аніводным відэа праекту», — распавёў Tuzin.fm Аляксандар Круп.

Гэты сьпеў існаваў як па-беларуску, так і па-ангельску. У выніку была абраная вэрсія на сваёй мове, але назву трэку вырашана было не перакладаць. Ідэю да кліпа прыдумаў сам Аляксандар, а зьняў відэа Мікалай Асадчы. Задума была такая, каб паказаць складнасьць узаемадносінаў і пачуцьцяў. Усё выйшла не на 100% — меркавалася ўсё ж даць больш волі для фантазіі гледача. Але каманда засталася задаволенай вынікам.

Больш ніякіх сюпрызаў ад Kaltherzig чакаць не выпадае. Лідэр праекту кажа, што гэта рэальная кропка ў іх гісторыі.

KaltherzigDistant Love (рэжысэр Мікалай Асадчы). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm