Ключы
2309 / 1
22.06.2015

Гісторыя правінцыйнага рамантыка ад Дзьмітрыя Нікановіча (відэа)

Сьпявак прадстаўляе ў відэачарце на Tuzin.fm кліп на свой новы беларускамоўны самотнік. Ён кажа, што ў яго выйшла пражыць чужую рамантычную гісторыю як сваю.

Сьпявак Дзьмітры Нікановіч прадстаўляў ужо сваю песьню на Tuzin.fm. Яго песьня «Ніколі» адзначылася ў сэзоне 2013—2014 у аўдыёчарце і аднойчы ў ім перамагла. Сёлета Дзьмітры выдаў новы беларускамоўны самотнік «Ключы» і вырашыў увасобіць гэты твор у відэа. Як і ў выпадку з дэбютнай беларускамоўнай песьняй, аўтарам зьяўляецца Мікіта Найдзёнаў, лідэр гурта Hurma. Дзіма і Мікіта таксама лічаць суаўтарам гэтага твора Леаніда Агуціна, бо менавіта на яго канцэрце паўстала канцэпцыя легкадумнай, цёплай, вяснова-летняй аранжыроўкі ў спалучэньні зь безнадзейна-сумным сэнсам тэксту. Аранжыроўку зрабіў Раман Саракалетаў, зьвядзеньнем і майстарынгам займаўся Юры Бачкароў, а запісам вакалу — Сяргей Чайка.

Дзьмітры кажа, што сюжэт кліпа на «Ключы» сапраўды нагадвае мэлядраму, магчыма, занадта простую — між сабой музыкі яе назвалі «гісторыяй правінцыйнага рамантыка». «Але тое, што выглядае проста і зразумела, заўсёды зьяўляецца вынікам руплівай працы. Я вельмі ўдзячны нашым кліпмэйкерам — Машы Манаковай і Дзіму Ляўкоўскаму, якія зьнялі відэа ў сваім незвычайным стылі. Яны былі рэжысэрамі, лягістамі, стылістамі, аўтарамі ідэі і сцэнару — неверагодны аб’ём працы!» — кажа сьпявак. Варта дадаць, што апэратарам-пастаноўшчыкам кліпа стала Ксенія Васілёўкіна.

Здымалі ролік у «Бары ДК». Галоўныя ролі сыгралі актор Купалаўскага тэатру Міхась Зуй і харэограф Вераніка Касьперава. Значны ўнёсак у працы зрабіла таксама Кацярына Шараг.

Дзьмітры лічыць, што галоўны чалавек ва ўсёй гэтай гісторыі — яе аўтар, Мікіта Найдзёнаў. «Ня ведаю, як у яго гэта атрымліваецца. Ён спачатку назапашвае жыцьцёвы і „амурны“ вопыт, а пасьля таленавіта праецыруе яго ў музыку і словы. Мой унёсак у песьню заключаўся ў тым, каб зразумець і пражыць чужую рамантычную гісторыю. Цяпер я лічу яе сваёй. Але ў гэтым большая заслуга маёй каханай».

Нікановіч і Найдзёнаў зноў рыхтуюць песьню. Яе прэм’ера заплянавана на восень. Дзьмітры кажа, што яна будзе зноў гучаць па-новаму ў музычным пляне, бо пакуль не сьпяшаецца канчаткова вызначаць кірунак і сваю манеру. Але дакладна можа сказаць, што трэк зноў будзе на беларускай мове.

Дзьмітры Нікановіч — Ключы (рэжысэры Марыя Манакова і Дзьмітры Ляўкоўскі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    14.10.2015 / 02:06

    Кліп так-сабе, але для пачатку "кар'еры" можа і нармальна. Поспехаў.

  • КАМЕНТАВАЦЬ