Па-над зорамі
3246 / 0
29.10.2015

Aura ўзьнялася па-над зорамі (відэа)

Яўген Алейнік і Юлія Быкава прадстаўляюць на Tuzin.fm кліп на новую песьню свайго праекту — «Па-над зорамі».

Прадусар і кампазытар Яўген Алейнік здымаў відэа сам — ён выступіў у якасьці рэжысэра, а дапамагаў яму Дзьмітры Бубноў з студыі «ДДВ». Макіяж рабіла Лаліта Угуран-Туміловіч. Усяго на працу пайшло тры месяцы з прамежкамі, бо задума вымагала руплівага падыходу і трываньня: усе кадры сонца, аблокаў, зорка здымаліся ўручную. «Для трохсэкунднага пляну па 25 кадраў у кожнай сэкундзе трэба было здымаць некалькі гадзінаў. Ставіў камэру на штатыў, уключаў аўтаматычны рэжым ды ішоў спаць. А з раніцы правяраў што выйшла», — распавядае Яўген.

На здымкі Юліі Быкавай пайшло тры здымачныя дні, бо яна прысутнічае ў кліпе ў трох розных антуражах. «Для здымак на натуры мы доўга шукалі жывапісныя вадаёмы з полем, каб на даляглядзе пры пад’ёме квадракоптэра не было аніякіх гаспадарчых пабудоваў. Другі дзень здымалі ў абсалютна белай студыі з натуральным сонечным асьвятленьнем, а трэці дзень здымалі ў басэйне. І гэта апынулася куды складаней, чым мы думалі — рукі пастаянна мокрыя, сьвятло прыгае ад хваляў як хоча, камэры запацеваюць», — кажа рэжысэр.

Яўген і Юлія кажуць, што з дапамогай свайго новага кліпу хацелі паказаць прыгажосьць жыцьця і асяродзьдзя, што нас атачае. «Паводле сюжэту, дзяўчына знаходзіцца як бы не ў зямных умовах спачатку ды ўвесь час марыць апынуцца ўнутры хрустальнага глёбуса, у якім ідзе зямное жыцьцё. І вось урэшце яе мара зьдзяйсьняецца — яна апынаецца ў прыгожым месцы, якое атачаюць лясы ды азёры. Нам здалося, што такое перараджэньне гераіні будзе судзейнічаць эмацыйнаму пад’ёму і кульмінацыі песьні», — распавядае сьпявачка Юлія Быкава.

Музыку і словы да кампазыцыі «Па-над зорамі» Юлія і Яўген напісалі разам.

Aura — Па-над зорамі (рэжысэр Яўген Алейнік). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm