Птушка
2158 / 0
15.01.2016

«Амэрыканскі» кліп ад гурта Hurma (відэа)

Гурт Hurma прадстаўляе на Tuzin.fm кліп на песьню «Птушка», матэрыял для якога цалкам зьняты ў ЗША.

Уласна эмігранцкай тэматыцы гэтая песьня і прысьвечана. Яе аўтар Мікіта Найдзёнаў нават усур’ёз задумваўся над тым, каб на пэўны час зьехаць у Амэрыку, але пакуль гэтую задуму не ажыцьцявіў. «Паездка ў Амэрыку прымаецца людзьмі майго ўзросту, як сапраўднае выпрабаваньне на трываласьць: ці я дам рады справіцца там зь цяжкасьцямі, ці знайду сябе ў гэтай краіне? Вось і гераіня перажывае ў гэтым роліку масу эмоцыяў: ад абсалютнага захапленьня да жаданьня вярнуцца дамоў», — кажа Мікіта.

Відэаролік на «Птушку» зьняла прыхільніца гурта Дар’я Баталава. Яна ж выступіла галоўнай гераіняй роліку. «Даша пачула нас улетку на выступе на фэсьце ў Горадні, пакінула ў нашай суполцы камэнтар, а потым я зьвярнуўся да яе з прапановай зрабіць кліп на нашу песьню», — распавядае Мікіта Найдзёнаў.

Дар’я Баталава распавядае пра сваё стаўленьне да песьні «Птушка»: «Гэтая песьня тычыцца і мяне самой, бо я і праўда зьлятала ў Штаты з бацькоўскае хаты. Падагнаць матэрыял пад песьню апынулася зусім нескладана. А вось мантаваць было няпроста. Бо я жыву ня ў Менску, а на адлегласьці двум творчым асобам цяжка дамовіцца. Таму давялося шмат мяняць, выразаць, дадаваць, потым вяртаць старое, зноў падклейваць новае… Але я рада, што па выніку ўсе засталіся задаволенымі зробленым», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі Дар’я.

Песьня «Птушка» ўвайшла ў дэбютны альбом «Repeat» гурта Hurma, які быў прэзэнтаваны на Tuzin.fm увосень 2015-га.

Hurma — Птушка (рэжысэр Дар’я Баталава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm