Застацца сабой
3020 / 1
07.08.2016

«Колір»: «Мы ўсё бліжэй да Беларусі, а яна да нас» (відэа)

У новым сэзоне ў відэачарце гурт «Колір» прэзэнтуе кліп на беларускамоўную песьню «Застацца сабой», якая ўвайшла ў дэбютны альбом «Хто, як не ми».

Менавіта з гэтым сьпевам на верш Андрэя Аляксандрава гурт з Адэсы быў адзначаны на конкурсе «Засьпявай 2.0». Дзяўчаты вырашылі ўключыць гэтую кампазыцыю ў свой дэбютны дыск, які выйшаў нядаўна. І менавіта на яе зьнялі відэаролік. «Уся „каляровая“ творчасьць нараджаецца праз натхненьне, а не ў пакутах — спантанна і нечакана. Натхненьне ў музыцы прыходзіць ад краіны, людзей, дрэваў, паветра, адчуваньня свабоды і ўсяго, што навокал і за межамі», — кажа суаўтарка песень, клявішніца і бэк-вакалістка «Коліру» Ганна Правозін.

Менавіта за межамі — у Менску «Колір» вырашыў зьняць кліп на «Застацца сабой». Відэаролік здымаўся ў Менску ля Нацыянальнай бібліятэкі з фокусам на кансэрватызм, мінімалізм і геамэтрыю. Здымкі і мантаж — Ірыны Арахоўскай. «Паколькі песьня напісаная беларусам на беларускай мове, да таго ж гэта наша першая песьня ў студыйным запісе, якой мы далі жыцьцё ў Менску з дапамогай праекту „Засьпявай“, таму і відэаролік зьняты тут. Атрымліваецца, што мы ўсё бліжэй і бліжэй да Беларусі, а яна да нас. Цяпер украінцы маюць магчымасьць пабачыць вашыя краявіды і праз нашую творчасьць», — кажа Люда Колер, вакалістка гурта.

Дэбютны лонгплэй адэсітаў складаецца зь сямі кампазыцыяў і бонус-трэку, якія «дужа розныя па настроі, але кожная мае свой „колір“». Дыск можна замовіць праз афіцыйную суполку гурта або паслухаць на канале гурта на Soundcloud.

Колір — Застацца сабой (рэжысэр — Ірына Арахоўская). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Кастусь / адказаць
    11.08.2016 / 16:56

    Цудоўная песьня
    Мы з гуртам хацелі таксама запісаць песьню на гэты верш, але не пасьпелі

  • КАМЕНТАВАЦЬ