Гісторыя майго жыцьця
3872 / 0
01.12.2016

Navi. Гарэць яшчэ ярчэй!

Гурт Navi прэзэнтуе ў новым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm кліп на песьню «Гісторыя майго жыцьця», зь якой мяркуе скараць фэстываль «Эўравізія-2017».

Navi былі фаварытамі нацыянальнага адбору летась, але тады на конкурс быў пасланы зусім іншы выканаўца. Тым ня менш музыкі зноў вырашылі ўвязацца ў гэтую авантуру. «Чаму не? У нас ёсьць што паказаць, мы маем гісторыю, якую можам распавесьці яскрава», — кажа Арцём Лук’яненка, які напісаў песьню «Гісторыя майго жыцьця». Зь ёй і вырашана было штурмаваць «Эўравізію» зноў. Зноў Navі трапілі ў 10-ку фіналістаў і зноў іх песьня адзіная беларускамоўная.

«Сапраўды, мы пяем пра гісторыю, якую можа мець кожны з нас. Яна нас усіх яшчэ чакае. У гэтым творы мы хочам перадаць сваё імкненьне да сьветлага боку чалавека, а таксама падкрэсьліць прыгожасьць нашай краіны і людзей, якія ў ёй жывуць. Фраза пра прыгожасьць вачэй тычыцца якраз пекных беларускіх азёраў. А радок пра гісторыю, якая будзе сьвяціць ярчэй — гэта пра спадзеў наконт таго, што ў кожнага ўсё яшчэ наперадзе», — кажа Арцём.

Відэа на гэтую песьню музыкі зьнялі ў лясах непадалёк ад Менску, у Лагойскім кірунку. Рэжысэрам выступіў гітарыст гурту Аляксандар Табольскі, ён жа прадусар тэлепраекту «Легенды.Live».

«Гісторыя майго жыцьця» мае ўвайсьці ў новы альбом гурту, які будзе прэзэнтаваны 14 лютага. Ці паедзе Navi на «Эўравізію-2017» у Кіеў вызначыцца ў студзені 2017-га. Дакладная дата фіналу пакуль невядомая.

Navi — Гісторыя майго жыцьця (рэжысэр — Аляксандар Табольскі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm