Толькі мы
14493 / 0
24.01.2017

NGe. Хто, калі ня мы

Менскі гурт NGe прэзэнтуе ў межах відэачарту Tuzin.fm кліп на песьню «Толькі мы», які для музыкаў зьняў расейскі рэжысэр.

Два гады таму музыкі ўдзельнічалі з гэтым творам у аўдыёчарце. Але ў альбомнай вэрсіі кампазыцыі яны істотна зьмянілі яе гучаньне — з рокавага на электроннае. У такім варыянце «Толькі мы» трапіла ў першы поўнафарматны альбом пад назвай «Мы». Кліп на яе здымаўся ў Менску пад наглядам рэжысэра Аляксандра Башкатава з маскоўскай студыі Cinematic

«Мы ўжо мелі вопыт працы з Аляксандрам у 2014 годзе падчас здымак кліпу на песьню „Ждать тебя, — распавядае вакалістка Вольга Баразна. — Таму мы адчувалі сябе камфортна і нязмушана, былі здольныя засяродзіцца на дакладнай перадачы пачуцьцяў і эмоцыяў, што асабліва важна для такой кампазыцыі».

Рэжысэр імкнуўся захаваць шчырасьць і пачуцьцёвасьць песьні, таму было задумана здымаць у поўнай цемры. А каб падкрэсьліць дынамічнасьць музыкі, да ўдзелу запрасілі прафэсійнага танцора.

Ягор Кашура, гітарыст калектыву і аўтар музыкі і словаў кажа пра асаблівасьць гэтага твору: «Яна адрасаваная рэальнаму чалавеку і распавядае пра патаемнае, але разам з тым у ёй адгадваецца жаданьне гучна пракрычаць пра свае пачуцьці, расказаць усяму сьвету пра іх прыроду. Наогул жа ў нас увесь альбом складаецца з такіх вось эмацыйна супярэчных песень».

NGe — Толькі мы (рэжысэр Аляксандар Башкатаў). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm