Сам сабе
847 / 0
08.05.2017

Haina. Няхай будзе сьвятло!

Гурт Haina прэзэнтуе ў 8-м туры відэачарту на TuzinFM кліп на песьню «Сам сабе», які зьняў Аляксандар Паклонскі.

Першапачаткова музыкі хацелі зьняць live-відэа, дзеля чаго і сабраліся на сваёй студыі пад Менскам. Аднак, падчас здымак настолькі ўключыліся ў працэс, што пераўтварылі музычнае відэа ў кліп. «Мы па ходзе справы прыдумалі новыя вобразы, уявілі сябе без інструмэнтаў, сьпявалі і танчылі. Так што выйшла, што мы зьнялі кліп, у якім сыгралі саміх сябе. Усё было вельмі ненапружна і весела», — распавёў TuzinFM лідэр каманды Ільля Паплёўка.

У гэтым відэа Haina ўпершыню рэалізавала свае ідэі са сьвятлом, якія потым будзе выкарыстоўваць і падчас жывых выступаў. Інструмэнты былі падсьвечаныя звонку і знутры, таксама над кожным удзельнікам гурта замацаваныя ліхтары, адмыслова падрыхтаваныя для здымак. Кампазыцыя «Сам сабе» ўвайшла ў альбом «Прыцягненьне», які пабачыў сьвет летась. Цяпер музыкі працуюць над новым кліпам на адну са сваіх новых песень. Чакайце прэм’еру неўзабаве на TuzinFM!

Haina — Сам сабе (рэжысэр — Аляксандар Паклонскі).

TuzinFM