Нагавор
3856 / 0
03.06.2017

Shaman Jungle. Як ствараюцца легенды

Гурт Shaman Jungle натхніўся духам беларускай прыроды ды стварыў уласную легенду, якую ўвасобіў у кліпе «Нагавор».

Як тлумачаць самі музыкі, «Нагавор» — гэта іх асэнсаваньне народнай замовы на паляваньне праз усьведамленьне рэальнасьці сну, дзе прырода антрапаморфная, а чалавечы дух увасабляе свой энэргетычны пасыл і здольны лятаць. Кліп здымалі ў некалькіх лякацыях на захадзе і ўсходзе Налібоцкай пушчы. «Мы ехалі менавіта туды, каб уся каманда пачувала сябе шчырай, а не старалася ствараць неабходную атмасфэру, таму што калі ты там знаходзісься, адчуваеш, што ўсё вакол жывое: кожная травінка, рака, дуб, воблака», — апавядае прадусар роліку Юры Данскоў. Рэжысэркаю і галоўнай гераіняй стала Юлія Холева. У здымках таксама ўзялі ўдзел апэратарка-пастаноўшчыца Аліса Селішчава ды апэратар коптэра Вячаслаў Мазай.

Песьня «Нагавор» увайшла ў новы альбом «Amazing», які істотна розьніцца ад дзьвюх папярэдніх працаў. Музыкі пачыналі як барабаннае трыё, а паступова перайшлі да стыляў world music і ethno-fusion. Яны імкнуцца перадаць у сваіх кампазыцыях «прыродны», сыры гук.

Shaman Jungle — Nagavor (рэжысэр — Юлія Холева).

TuzinFM