Кінамэханік
337 / 0
18.07.2017

Круціцца стужка. Кіно ад «.К»

Гурт «.К» прэзэнтуе на TuzinFM новы кліп на песьню «Кінамэханік». Музыкі кажуць, што гэта цэнтральны трэк зь іх дыску «Dobrazol», які ўяўляе зь сябе фактычна альбом у мініятуры, таму яго і вырашана было ўвасобіць у відэа.

Як і ўвесь альбом «Dobrazol», у «Кінамэханіку» распавядаецца пра дзьве рэчы адначасова. З аднаго боку, пра жыцьцё, якое нібы запісанае на стужку фільму складаецца з асобных кадраў: успамінаў, учынкаў, падзеяў, людзей. А з другога ў творы ставіцца пытаньне: калі жыцьцё — гэта стужка, дык хто тады гэты Кінамэханік.

Музыкі кажуць, што яны акурат і хацелі раскрыць вобраз «Кінамэханіка», які адказвае за лёс людзей. Мэдык, пажарнік, настаўнік, мастак, вайсковец — кожны зь іх па-свойму Кінамэханік і па-свойму глядзіць на «плёнку». «У мудрага мэдыка ўсё выходзіць спраўна, але ж трапляюцца і ў яго папсаваныя „кадры“. Слава адважнага пажарніка аплачана той „стужкай“, якая згарэла. Ацэнкі настаўніка вызначаюць далейшы ход „плёнкі“. Мазкі мастака ствараюць грубую пародыю на арыгінальны „кадар“. Вайсковец — абаронца і адначасова разбуральнік, таму немаведама, колькі яшчэ „стужкі“ пойдзе на ягоную справу», — тлумачыць лідэр «.К» Яўген Кучмейна.

Кліп зьнялі за тры дні ў сакавіку 2017 году ў вёсцы Ліпнішкі, на гарэшчы хаты аднаго з удзельнікаў творчага аб’яднаньня «Нёман», у склад якога ўваходзіць «.К». Музыкі трохі зьмерзьлі, бо хата слаба ацяплялася, ды папужалі мясцовых жыхароў, бо здымалі ў тым ліку і ўначы, але дасягнулі таго, чаго хацелі.  Гэта ўжо трэці кліп у відэаграфіі каманды. Аўтарам сцэнару, апэратарам і рэжысэрам стаў Дзьмітры Пярскевіч, які зьняў і дэбютны кліп «.К.» — «Хроник».

.К — Кінамэханік (рэжысэр — Дзьмітры Пярскевіч)

TuzinFM