Сьпявайце
1065 / 0
07.11.2017

Інтэграцыя уратуе. Кліп у караоке-стылю ад Лявона і паплечнікаў

Кліп рэжысэра Мацея Сабурава на песьню Лявона Вольскага «Сьпявайце!», які аб’яднаў фанатаў і музыкаў з розных краінаў, бярэ ўдзел у зімовым відэачарце на TuzinFM.

Задума і рэалізацыя кліпа «Сьпявайце» – вельмі простая. Сябры, калегі, а таксама прыхільнікі Лявона Вольскага разам з музыкам пяюць ягоную песьню. Сам музыка кажа, што ў роліку хацелася аб’яднаць тых, хто звычайна знаходзіцца на сцэне і тых, хто перад сцэнаю. Таму прапанову зьняцца атрымалі слухачы, якія зрабілі найбольшы ўнёсак у краўдфандынгавую кампанію па выданьню альбому «Псыхасаматыка», а таксама музыкі з гуртоў Akute, «J:морс», «Без билета», Trubetskoy, GodsTower, «Дай дарогу!», Re1ikt, Tonqixod, а таксама замежныя госьці – гурты «Тартак» (Украіна), Biplan (Літва), «Наив» (Расея), Stoppok (Нямеччына). Агулам жа ў краўдфандынгу альбому, які выйшаў у лістападзе 2016, узялі ўдзел больш за 600 чалавек з 30 краінаў сьвету.

«Людзі, якія ахвяроўвалі грошы,– яны з розных краінаў, маюць розныя прафэсіі, розны ўзрост, розны жыцьцёвы досьвед. Музыкі таксама з розных гуртоў, з розных краінаў, граюць у розных стылях. Таму атрымаўся гэткі інтэграцыйны кліп. Мне падаецца, што інтэграцыя аб'яднаньне музыкаў з музыкамі, слухачоў са слухачамі, музыкаў са слухачамі гэта тое, чаго нам цяпер вельмі бракуе. Гэтая інтэграцыя, узаемаразуменьне тое, што мусіць усіх нас выратаваць», – заўважыў з нагоды выхаду кліпа Лявон Вольскі.

Кліп пабачыў сьвет сёлета напярэдадні вялікага канцэрта Лявона ў Вільні з праграмаю «172».

Лявон Вольскі – Сьпявайце (рэж. Мацей Сабураў).

TuzinFM