Што казаць
1870 / 0
29.11.2017

Aura. Калі ёсьць што сказаць

Поп-праект Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка прэзэнтуе ў зімовым чарце на TuzinFM кліп на песьню «Што казаць», зьняты ў экстрэмальных умовах.

Відэа на новую песьню здымалі ў няпросты час — сьпявачка Юлія Быкава толькі нарадзіла другога дзіцёнка, але ад здымкаў не адмовілася. «Умовы былі досыць экстрэмальныя, бо ў Юлі на ўвесь працэс было зусім няшмат часу. Таму мы сталі думаць, як паскорыць працэс. І прыдумалі!» — кажа муж сьпявачкі, кампазытар і прадусар праекту Яўген Алейнік, які выступіў таксама і рэжысэрам гэтага роліку. Час сэканомілі на макіяжы — Юле вырашылі зрабіць бодзі-арт. Літаральна за 15 хвілін сьпявачку перапэцкалі срэбнай фарбай з дапамогай валікаў. Самі здымкі занялі каля гадзіны, а потым ужо асобна даздымаліся прадметы, музыкі ды інструмэнты. «Сэнс нашага роліку можна зразумець проста разабраўшы сам тэкст песьні. Усё, што разьбілася, можна сабраць, усё, што зьбегла, рэальна вярнуць. І калі ёсьць на сьвеце рэчы, якія крыўдзяць, то ня варта на гэта зьвяртаць увагу», — тлумачыць Юля.

Aura імкнецца рабіць тое, чаго акурат не хапае — добрыя песьні на беларускай мове. Да гэтага праект прэзэнтаваў на TuzinFM кліп на песьню «Па-над зорамі», а дэбютаваў у чарце «Тузіна» 10 гадоў таму з трэкам «Ноччу на Купальле».

Aura — Што казаць (рэжысэр — Яўген Алейнік).

TuzinFM