Кантроль
5477 / 0
08.02.2018

Haina. Узьняцца ў неба і вярнуцца назад

Гурт Haina прэзэнтуе ў новым туры відэачарту на TuzinFM кліп «Кантроль». Каб перадаць атмасфэру сваёй песьні музыкі захапілі дрон ды выехалі за межы менскай кальцавой.

Адмысловага месца для здымак не шукалі. Проста збочылі з трасы P28 ды сталі здымаць. Для відэаўвасабленьня абралі адну са сваіх самых сьвежых кампазыцыяў — «Кантроль» зь міні-сынглу «Токам». «Гэта песьня пра самакантроль і пра тое, што дапамагае яго дасягаць. Таму мы хацелі паказаць гэтыя палёты і пэйзажы ды перадаць гэтае жаданьне ўзьняцца як мага вышэй. Але пры палётах у сьне і наяве заўжды неабходна вяртацца назад», — распавядае лідэр каманды Ільля Паплёўка. Ролік здымалі Аляксандар Паклонскі і Аляксандар Кузьмін. Музыкі дзякуюць таксама ўсім, хто дапамагаў падчас здымачнага працэсу.

За навінамі каманды можна сачыць праз афіцыйную суполку.

Haina — Кантроль (рэжысэры — Аляксандар Паклонскі і Аляксандар Кузьмін)

TuzinFM