А дзе жывеш ты?
658 / 0
09.04.2018

Кліп, зь якога Naviband пачаў новую старонку сваёй гісторыі

Кліп рэжысэра Аляксандра Табольскага на песьню «А дзе жывеш ты?» шмат у чым стаў знакавым для Ксюшы Жук і Арцёма Лук’яненкі.

Менавіта ў гэтым відэа Ксюша і Арцём падзяліліся з слухачамі сваім сакрэтам – яны чакаюць зьяўленьня на сьвет дзіця. «Ад гэтай песьні і кліпа мы пачынаем новую старонку сваёй гісторыі, як творчай, так і жыцьцёвай», – кажуць музыкі. Кліп зьняў удзельнік каманды і ейны прадусар Аляксандар Табольскі, якому належыць аўтарства відэа на «Гісторыю майго жыцьця». Са слоў рэжысэра, ідэя гэтага роліка высьпявала каля трох месяцаў: «Паколькі песьня атрымалася асаблівай, то мы не сьпяшаліся з візуалізацыяй. За час падрыхтоўкі да здымак мы пасьпелі запісаць цалкам новы альбом і нават зьняць іншае відэа на песьню «Бяжы». І вось той самы «шэраг падзеяў» прывёў нас да таго самага сюжэту. Таму сцэнар зьявіўся хутка і лёгка, праўда давялося паўгаворваць Ксюшу з Арцёмам, каб падаць песьню менавіта такім чынам».

Ідэя ўвесьці ў кліп рамантыка з поўняй належыць апэратару Алегу Гірвелю. І гэта супала з жаданьнем музыкаў зрабіць такое відэа, у якім галоўнымі героямі былі ня толькі яны. Па выніку гэтую ролю выканаў Сяргей Толкач. Цікава, што Аляксандар Табольскі ведае актора па ролі ў стужцы Мітрыя Сямёнава-Алейнікава «Адной крыві», а вось для Арцёма Лук’яненкі Сяргей – сябра дзіцінства з роднага Глубокага.

Кліп на песьню «А дзе жывеш ты?» возьме ўдзел у восеньскім туры відэачарту на TuzinFM у сэзоне 2018/2019.

Naviband – А дзе жывеш ты? (рэж.Аляксандар Табольскі)

TuzinFM