Ключы
217 / 0
18.05.2018

Беларускія «Ключы», знойдзеныя ў Харкаве

Гурт «Свентояр» з Украіны прэзэнтуе ў відэачарце на TuzinFM кліп на беларускую народную песьню «Ключы».

Менавіта песьня «Ключы» стала першай беларускамоўнай кампазыцыяй у рэпэртуары ўкраінскага мэтал-гурту. Яна ўвайшла ў трэці студыйны альбом «Єдність», які складаўся з апрацовак народных песень трох усходнеславянскіх народаў. «Мы вырашылі зьняць відэа менавіта на „Ключы“, бо яна нам падалася найбольш цікавай з пункту гледжаньня кампазыцыі і зьместу», — кажуць музыкі. Здымкі рабіліся ў маляўнічых мясьцінах у Харкаўскай вобласьці. Рэжысэрам выступіў Уладзіслаў Рэдзькін, вядомы як удзельнік музычных праектаў Munruthel і «Коло». Да музыкаў таксама далучыліся сябры і сяброўкі, так што здымачны працэс прайшоў прыемна ды ненапружна. Ад часу прэзэнтацыі кліпу прайшло ўжо больш за два гады, і ён па-ранейшаму карыстаецца папулярнасьцю сярод прыхільнікаў фольк-мэталу. Колькасьць праглядаў відэа набліжаецца да 100 000.

У далейшым «Свентояр» працягнуць запісваць песьні па-беларуску. Адну зь іх — «Салавейка» можна пачуць на сьвежым альбоме «Ethnix».

Кліп «Ключы» возьме ўдзел у першым туры відэачарту на TuzinFM у сэзоне 2018/2019.

Sventoyar Ключы (рэжысэр — Уладзіслаў Рэдзькін)

TuzinFM