Калі любіш
2996 / 0
04.07.2018

Shuga. Пра жаночую зайздрасьць з сарказмам

У новым сэзоне відэачарту на TuzinFM возьме ўдзел дэбютны кліп праекту Shuga «Калі любіш» рэжысэра Аляксея Валаскова.

Менавіта зь песьні «Калі любіш» і кліпу на яе пачалася гісторыя праекту Shuga, які заснавала прафэсійная сьпявачка і акторка Марына Шугава. Праект пакліканы паказаць новае гучаньне папулярнай беларускай музыкі, у тым ліку на роднай мове, заяўляе Марына.

Кліп для Shuga зьняў рэжысэр Аляксей Валаскоў, які рабіў ужо ролікі для Nuteki i Naviband. Здымалі ў Менску ў звычайным завадзкім памяшканьні з выкарыстаньнем цыкларамы ды сьветлавых фільтраў. А ў якасьці актораў выступілі сябры каманды ды запрошаныя акторы з мадэльнага бізнэсу, сьвету фітнэсу, тэатру ды IT.

«У гэтым кліпе мы распавядаем гісторыю пра жаночую зайздрасьць, якая прыпраўленая ладнай доляй сарказму. У цэнтры ўвагі — дзяўчына, якая марыць пра раскошу ды тэрарызуе свайго мужчыну з гэтай нагоды. Хлопец яе кідае, але тая не супакойваецца…» — распавядае Марына пра свой кліп. Ад моманту яго прэм’еры ўвесну відэа набрала ўжо больш за 20 000 праглядаў ды выклікала самыя розныя эмоцыі — ад захапленьня да абвінавачваньняў у няведаньні роднай мовы. Наконт крытыкі сьпявачка адказала ў інтэрвію для «Нашай Нівы»: маўляў, я не дурнічка, а слова «шуба» ў песьні гучыць смачна і лягічна.

Shuga — Калі любіш (рэжысэр — Аляксей Валаскоў)

TuzinFM