Партызаны каляднага лесу
9437 / 0
25.11.2018

«Хто ня з намі — той адстой!». Суворая калядная «Крамбамбуля»

У зімовым відэачарце бярэ ўдзел відэаролік «Партызаны каляднага лесу», які рэжысэр Серж Аўсяньнік зьняў для «Крамбамбулі».

Песьня «Партызаны каляднага лесу» была прэзэнтаваная напярэдадні вялікага канцэрту «Крамбамбулі» ў менскім Prime Hall. У падтрымку сынглу было зьнятае відэа. Рэжысэрам стаў Серж Аўсяньнік, аўтар першага беларускага сэрыялу ў жаны хорар «Заклятыя скарбы». У ім зьняліся ўсе ўдзельнікі праекту, прычым саксафаністу Паўлу Аракеляну выпала выканаць пачэсную ролю Сьвятога Мікалая.

Аўтар песьні Лявон Вольскі кажа, што ягоны твор пра людзей, якія займаюцца даўншыфтынгам: «Яны сышлі ад рэчаіснасьці ў мітычны калядны лес, у якім чамусьці няма нават інтэрнэту, яны не карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі і ўвогуле незразумела, чым займаюцца — змагаюцца з уяўным ворагам, якога, можа быць, і не існуе».

Пасьля выданьня ў 2015 годзе альбому «Чырвоны штраль» Лявон заявіў, што «Крамбамбуля» сыходзіць «партызаніць у лясы», што было ўспрынята як прыпыненьне дзейнасьці праекту. Аднак пасьля гэтай заявы музыкі працягнулі даваць канцэрты і запісваць новыя песьні.

TuzinFM