Cьвяты вечор
2616 / 0
25.12.2018

Выцінанка ажыла ў 3D. Чароўны калядны кліп гурта Astroŭna (прэм’ера!)

Фольк-гурт Astroŭna прэзентуе на TuzinFM кліп на песьню «Сьвяты вечор». Аўтэнтычны сьпеў суправаджае відэа, у якім выцінанка ажывае ў трохмернай прасторы.

Каб перадаць сьвяточную калядную атмасфэру, аўтары роліку спалучылі відэа-арт з мастацтвам выцінанкі — ажывілі выцінанку ў трохмернай прасторы, перанесьлі яе з плоскасьці ў аб’ём, з статычнага малюнку — у відэасюжэт. Ажурныя выявы пераходзяць з паперы на постаці і твары і ствараюць ілюстрацыі для старажытных гісторыяў. «Мы хочам праз сучасныя формы мастацтва зрабіць традыцыйную музыку больш адкрытай для ўсіх зацікаўленых», — кажуць пра свой праект Міхась і Кацярына Аракчэевы. Іх арт-студыя Piligrym зьняла гэтае каляднае відэа, а Кацярына разам з Натальляй Сухой і Ганнай Сілівончык выканала гэты сьпеў. У запісе таксама гучыць скрыпка Дзяніса Сухога. У кліпе зьняліся Кацярына Аракчэева, Алеся Гурская-Таболіч, Настасься Духоўнікава.

Гэты твор і кліп на яго — частка праекту «Сьвяты вечор», які ставіць за мэту па-мастацку асэнсаваць зімовыя сьвяты зь іх яскравымі вобразамі і сюжэтамі. Другая яго частка — фотапартрэты аўтарства арт-студыі Piligrym з выкарыстаньнем выцінанкі Натальлі Сухой. Яе выставу можна наведаць да 31 сьнежня 2018 году ў менскай галерэі «Артэль».

Astroŭna — Сьвяты вечор (рэжысэры — Міхась і Кацярына Аракчэевы)

TuzinFM