Красна сонца
513 / 0
26.03.2019

Mova Dreva. Беларускі фольк пусьціў карані ў Партугаліі

Этна-джазавы праект з Лісабону прэзэнтуе ў відэачарце на TuzinFM свой дэбютны кліп на песьню «Красна сонца».

Усе кампазыцыі «Mova dreva» нараджаюцца з беларускага фальклёру. Сам праект паўстаў пяць год таму ў Лісабоне. Мясцовых музыкаў згуртавала кампазытарка Кацярына Льдокава, беларуска, якая атрымала ў Партугаліі музычную адукацыю і жыве тут. Яна імкнецца надаць беларускім народным сьпевам новае гучаньне і новы сэнс пад натхненьнем ад розных культураў і традыцыяў. Адсюль і назва. Кацярына кажа, што мэтафара «мова дрэва» адсылае ў сьвет жывой прыроды, у сьвет легендаў і паданьняў, якія напісаныя на адзінай для ўсіх мове.

Тэкст «Красна Сонца» сьпявачка ўзяла з матэрыялаў экспэдыцыі Зінаіды Мажэйкі. Аўтарская музыка да яе паўстала летась увесну. А неўзабаве рэжысэр Бруну Суарэш зьняў відэа. Кацярына напісала музыку для ягонага караткамэтражнага фільму, а ён на знак падзякі зрабіў відэакліп на «Красна сонца».

Здымалі непадалёк ад Лісабону – ля закінутага маёнтку. «Некалі тут цьвілі сады і жылі людзі, а пасьля нічога не засталося. Гэты сюжэт перагукваецца з гісторыяй песень: большасьць зь іх таксама ўжо нідзе не жыве», – заўважае сьпявачка і дадае, што яна зачараваная добрымі, сардэчнымі ды адначасова простымі ды шматграннымі беларускімі сьпевамі. І гэтае сваё захапленьне яна хоча перадаць у першым альбоме «Mova Dreva», які цяпер рыхтуецца да выданьня.

Mova Dreva – Красна сонца (рэж.Б.Суарэш)

TuzinFM