Міліцыянты патлумачылі чаму затрымалі гурт Dzieciuki
3206 / 0
12.11.2014

Міліцыянты патлумачылі чаму затрымалі гурт Dzieciuki

У прэс-службе УУС Менскай вобласьці заявілі, што міліцыю на музыкаў выклікалі жыхары Заслаўя.

Інцыдэнт адбыўся падчас здымак кліпу гурта Dzieciuki. Са словаў кіраўніка прэс-службы міліцыі вобласьці Аляксандра Данільчанкі, мясцовыя людзі пабачылі ў руках маладзёнаў зброю, таму і зьвярнуліся да праваахоўнікаў. Пра гэта ён заявіў у этэры «Еўрарадыё». Вынікі папярэдняй праверкі засьведчылі, што тое была несапраўдная зброя, а муляжы. Падчас затрыманьня музыкаў таксама вінавацілі ў адсутнасьці дазволу для здымак, але ў прэс-службе Менаблвыканкаму кажуць, што здымкі кліпу не зьяўляюцца масавым мерапрыемствам, таму пісьмовага дазволу ад іх не патрабуецца. Атрымліваецца, што музыкі закону не парушалі. Адзьняты ў гэты дзень матэрыял для кліпу «Хлопцы-балахоўцы» мусяць вярнуць ім у найбліжэйшы тыдзень. 

Самі Dzieciuki кажуць, што адмыслова абралі месца падалей ад гораду, каб нікому не замінаць, але з разуменьнем ставяцца да таго факту, што некага з выпадковых сьведкаў здымак мог напужаць выгляд муляжоў. «У любым разе ніякага піяру з гэтай сытуацыі мы рабіць ня хочам, галоўнае, каб нам аддалі нашыя матэрыялы», — заяўляюць музыкі.

На фота: рэжысэр кліпу Антон Цялежнікаў падчас здымак у Заслаўі, фота Насты Рубанавай

Tuzin.fm

Тэгi: