3166 / 0
19.11.2014

РСП камэнтуе порнасправу Андруся Тычыны: «Гэта трызьненьне і маразм!» (відэа)

Музыкі з гурту «Разьбітае сэрца пацана» зьдзіўленыя таму, што кліп на іх песьню «Wall-E» стаў адным з эпізодаў справы Андруся Тычыны з Салігорску, якога вінавацяць у распаўсюдзе порна.

Андрусь Тычына — актывіст з «Маладога фронту». У выніку ператрусу ў яго канфіскавалі кампутар ды знайшлі падставы абвінаваціць у «распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт», паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна-96». Экспэртная камісія ўгледзіла порна ў чатырох жартаўлівых роліках, якія ён зьмясьціў на сваёй старонцы «Ўкантакце». Адзін зь іх — кліп на песьню «Wall-E» гурта «Разьбітае сэрца пацана». Tuzin.fm пацікавіўся ў музыкаў Дзяніса Тарасенкі і Паўла Гарадніцкага, ці згодныя яны з рашэньнем экспэртаў адносна іх кліпу. Дзяніс называе гэтую сытуацыю «поўным трызьненьнем»: «Мы ж выдатна разумеем, што калі трэба закрыць чалавека, то і ў „Беласьнежцы“ можна ўгледзіць порна, прычым групавое. Я лішні раз перачытаў вызначэньне парнаграфіі. Наш кліп не адпавядае яму, бо няма ані дэманстрацыі палавога акту, ані буйных плянаў генэталіяў, ані ўсяго таго, за што мы так любім порна. Андрусю жадаем посьпехаў і трываньня». Павал дадае: «Нямаведама дзе яны ўбачылі полавы акт у нашым кліпе, гэта нават на лёгкую эротыку ня цягне. А калі нараканьні на голых мужыкоў, дык і грамадзкія лазьні трэба забараняць. Маразм мацнее!» 

Кліп «Wall-E» зьняў рэжысэр Максім Сіры. Выбітнасьць працы ў тым, што зьнята адным плянам і без мантажу. Акром музыкаў у роліку можна пабачыць знанага гукарэжысэра Андрэя Жукава. У 2009 годзе ролік быў выдалены з Youtube «за парушэньне ўмоваў карыстаньня» празь дзьве гадзіны пасьля прэм’еры, але потым усё ж быў вернуты з пазнакай абмежаваньня па ўзросьце. Таму папярэджваем як ня бачылі яшчэ, калі ня маеце 18 гадоў, відэа гэтае глядзець ня варта.

 Tuzin.fm